Жанна Літвіна: "Я - за адказную журналістыку…"


"Свабода слова - гэта свабода не ад чагосьці, а для чагосьці - найперш для свабоднага збору і распаўсюду інфармацыі, для магчымасці выконваць нашы прафесійныя абавязкі...", - зазначыла старшыня ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Жанна Літвіна, каментуючы сітуацыю вакол газеты "Згода". "Усе нашы неабачлівыя крокі і дзеянні выкарыстоўваюцца супраць нас і наогул супраць дэмакратычных сіл Беларусі", - лічыць старшыня БАЖ.

"Выказвацца адносна таго, што адбылося са "Згодай", даволі цяжка. Найперш таму, што ў нас няма нават магчымасці паглядзець на той нумар газеты: гэта ўжо будзе трактавацца як распаўсюд арыштаванага нумару, што яшчэ больш ускладніць сітуацыю самой рэдакцыі і яе кіраўніцтва...
Сам факт друкавання гэтых карыкатур у дацкай прэсе з самага пачатку выклікаў у міжнароднай журналісцкай супольнасці дыскусію на тэмы журналісцкай этыкі, межаў свабоды слова, ўзаемадачыненняў уладаў і прэсы і г.д. Трэба усведамляць, што, з улікам нашай унутранай сітуацыі (асабліва ў звязку з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў), такія дзеянні толькі справакуюць рэпрэсіўныя захады ў дачыненні да чарговага незалежнага выдання. Сёння сітуацыя склалася такім чынам, што мы можам згубіць яшчэ адну незалежную крыніцу інфармацыі. Гэта ўжо недаравальна…
Усе нашыя неабдуманыя крокі выкарыстоўваюцца супраць нас і супраць наогул дэмакратычных сіл Беларусі. Учора беларускае тэлебачанне не паказвала гэтых карыкатураў, а паказвала нумар газеты з партрэтам Мілінкевіча…
Таму я - за адказную журналістыку".
Нагадаем, што па факце публікацыі ў газеце "Згода" карыкатур на прарока Мухаммеда (№ 6 ад 18-26 лютага 2006 г.) узбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 130 КК РБ (распальванне расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай варожасці). У рэдакцыі газеты 22 лютага праведзены ператрус, канфіскавана ўсё абсталяванне і фінансавыя дакументы газеты. У якасці сведак па справе дапытаныя галоўны рэдактар выдання Аляксей Кароль і намеснік рэдактара Аляксандр Здвіжкоў. Крымінальная справа заведзеная па выніках праверкі Пракуратуры РБ і КДБ, якая, у сваю чаргу, праводзілася на падставе звароту ў праваахоўныя органы Камітэту па справах рэлігій і нацыянальнасцяў і мусульманскіх супольнасцяў Беларусі.
Сёння ў Міністэрстве інфармацыі паведамілі, што рэдакцыі вынесена папярэджанне па арт. 5 Закона "Аб друку і іншых СМІ" за публікацыю карыкатур. Гэта другое цягам году папярэджанне па арт. 5, і таму дзейнасць газеты можа быць спынена. Напярэдадні з заявамі на гэты конт выступілі Пракуратура РБ і Міністэрства замежных спраў РБ.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"