Польскага журналіста не пусцілі ў Беларусь
паводле www.pap.pl
19 лютага карэспандэнта польскай "Gazety Wyborczej" Вацлава Радзівіновіча не ўпусцілі ў Беларусь. Супрацоўнікі беларускай памежнай службы паведамілі яму, што ён знаходзіцца ў ліку асобаў, якія не маюць права ўязджаць на тэрыторыю краіны. Радзівіновіч мае гадавую візу і акрэдытацыю беларускага МЗС, тэрмін дзеяння якой скончыцца толькі ў канцы красавіка, - паведаміла польскае інфармацыйнае агенцтва PAP.
Журналіст ехаў цягніком з Кузніцы Беластоцкай у Гродна. На мяжы ў яго забралі пашпарт, а на вакзале ў Гродна кіраўнік змены памежнікаў заявіў, што не ўпусціць яго ў Беларусь. Па тлумачэнні ён параіў звяртацца да беларускіх консульскіх уладаў у Варшаве альбо Беластоку. Беларускі консул у Беластоку, да якога датэлефанаваўся В. Радзівіновіч, паведаміў, што нічога не ведае пра гэтую справу, і выказаў пажаданне ў яе не ўмешвацца. Журналіста пасадзілі на той самы цягнік, які вяртаўся ў Беласток, і заявілі, што, калі ён не падпарадкуецца, то яго прымусяць сілай.
В. Радзівіновіч шмат разоў бываў у Беларусі і пісаў пра яе. Дагэтуль на мяжы яго старанна правяралі, але заўсёды прапускалі. Гэтым разам ён ехаў, каб сабраць матэрыял для рэпартажу з Беларусі перад сакавіцкімі прэзідэнцкімі выбарамі.
У ліпені 2005 г. В. Радзівіновіча і яшчэ аднаго карэспандэнта "Gazety Wyborczej" ненадоўга затрымлівала беларуская міліцыя пад час іх пераезду з Гродна ў Ліду на судовы працэс над затрыманымі актывістамі Саюзу палякаў на Беларусі. Нагадаем таксама, што ў сярэдзіне снежня беларускія ўлады дэпартавалі з мінскага аэрапорту журналістку тэлеканалу TVP Агнешку Рамашэўску.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"