Журналістам афіцыйных СМІ забароняць уезд у краіны ЕС?


Не выключана, што кіраўнікам і журналістам афіцыйных СМІ забароняць уезд на тэрыторыю краін Еўрасаюзу. З гэткай ініцыятывай выступіў віцэ-старшыня дэлегацыі Літвы ў Савеце Еўропы, старшыня падкамітэту па еўрапейскім суседстве Камітэту замежных спраў Сейму Літвы Эмануэліс Зінгерыс, - паведаміла прэс-служба АГП.

Сп. Зінгерыс заявіў, што гатовы курыраваць падрыхтоўку спісу грамадзян Беларусі, якім у перспектыве будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрасаюзу. Сваю ініцыятыву сп. Зінгерыс разглядае ў межах выканання рэкамендацый ПАРЭ - павялічыць спіс беларускіх чыноўнікаў, якім варта забараніць уезд у Еўразвяз.
Ён звярнуўся да шэрагу недзяржаўных арганізацый Беларусі з просьбай прадаставіць інфармацыю пра асобаў, якія хаваюць праўду пра знікненні палітычных апанентаў кіраўніка дзяржавы, распаўсюджваюць ідэалогію, апраўдваюць дзеянні беларускіх уладаў, што супярэчаць міжнародным нормам і г.д., а таксама прывесці канкрэтныя прыклады такой дзейнасці.

"Я не выключаю, што асноўнае месца ў гэтым спісе зоймуць кіраўнікі і журналісты афіцыйных СМІ, якія абслугоўваюць беларускі рэжым", - заявіў сп. Зінгерыс у інтэрв'ю прэс-службе АГП. Складзены спіс ён запрапануе на разгляд кіраўніцтва Савету Еўропы.

Падрабязнасці - у матэрыяле "ЗВЕЗДАМ" БТ МОГУТ ЗАПРЕТИТЬ ВЪЕЗД В СТРАНЫ ЕВРОСОЮЗА
(Рубрыка "СМІ пра СМІ")