П.Шарамет: "Беларуская сістэма бязлітасная..."


Праваабарончая камісія Савету пры Прэзідэнце РФ пакуль вывучае сітуацыю з утрыманнем пад вартай Антона Філімонава - сына забітай беларускай журналісткі Веранікі Чаркасавай. Пра гэта паведаміў сёння пад час онлайн-форуму на радыё "Свабода" тэлежурналіст Павел Шарамет. Камісія збіраецца накіраваць зварот да беларускай пракуратуры з просьбай змяніць падлетку меру стрымання, аднак, са словаў П. Шарамета, пакуль "ідзе дыскусія, колькі людзей з камісіі падпішацца пад зваротам".

"Падобныя звароты, канешне, не могуць кардынальна паўплываць на лёс не толькі падлетка, але любога беларуса, які апынуўся ў астрозе, таму што беларуская сістэма бязлітасная, на яе моцна цісне ўлада", - азначыў П. Шарамет пад час форуму. "Але сэнс усіх гэтых зваротаў у тым, што ўсе няправыя дзеянні да сына
В. Чаркасавай ці іншых, яны не застануцца без адказу, і гэтыя звароты трэба дасылаць", - лічыць журналіст. "Што да гэтага выпадку, то пакуль ідзе дыскусія, колькі людзей з камісіі падпішацца пад зваротам. Камісія ў свой час шмат зрабіла для таго, каб сын В.Чаркасавай жыў у Маскве, але потым ён вярнуўся ў Мінск і ўвязаўся ў гэтую вось дзіўную сітуацыю, таму камісія вырашыла яшчэ раз усё праверыць, каб гэты ліст быў больш дакладны".
Нагадаем, што 30 студзеня сайт "Беларускія партызан", адным са стваральнікаў і аўтараў якога з'яўляецца П.Шарамет, паведаміў, што беларуска-расійская праваабарончая камісія Савету пры Прэзідэнце РФ па садзеянні развіццю інстытутаў грамадзянскай супольнасці разглядала пытанне ўтрымання Філімонава пад вартай. "Па меркаванні праваабаронцаў, затрыманне Антона Філімонава, яго ўтрыманне пад вартай, а таксама падрабязнасці яго допытаў, якія сталі вядомыя прэсе, выклікаюць сумневы ў правамоцнасці гэтых дзеянняў. Ва ўсякім выпадку, частка сябраў камісіі мае намер падпісаць зварот у пракуратуру Беларусі з просьбай змянення меры стрымання падлетку", - паведаміў belaruspartisan.
Удзел у паседжанні бралі старшыня Савету Эла Памфілава, спецыяльны дакладчык Камісіі па правах чалавека ААН Адрыян Севярын, прадстаўнікі беларускай амбасады ў Расіі і Пастаяннага камітэту Саюзнай дзяржавы.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"