Л.Ярмошына: "Прэтэнзіі, перш за ўсё, будуць прад'яўляцца сродкам масавай інфармацыі..."


"Выбарчае заканадаўства не прадугледжвае магчымасці прадастаўлення кандыдатам недзяржаўных СМІ; гэта расцэньваецца як аказанне ім матэрыяльнай дапамогі, што забаронена законам", - падкрэсліла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына 8 лютага на сустрэчы з журналістамі, зазначыўшы, што ў выпадку падобных парушэнняў "прэтэнзіі, перш за ўсё, будуць прад'яўляцца сродкам масавай інфармацыі". Сёння Цэнтрвыбаркам зацвердзіў пастанову аб парадку выкарыстання дзяржаўных СМІ пры падрыхтоўцы і правядзенні прэзідэнцкіх выбараў.

Паводле пастановы, кожны кандыдат мае права апублікаваць сваю перадвыбарную праграму ў газетах "Белорусская нива", "Звязда", "Народная газета", "Рэспубліка", "Знамя юности", "Советская Белоруссия", "7 дней", а таксама па два разы выступіць на Першым нацыянальным канале (БТ) і Першым канале дзяржаўнага радыё.
Тэкст праграмы для апублікавання не павінен перавышаць пяці машынапісных старонак. Прадставіць свае перадвыбарныя платформы ў рэдакцыі газет кандыдаты павінныя не пазней за 26 лютага. Публікаваць іх будуць у парадку паступлення.

На кожны выступ кандыдата ў тэле- альбо радыёэфіры адводзіцца па 30 хвілін. Выступы будут транслявацца па працоўных днях: на тэлебачанні - з 18 да 19 гадзін, па радыё - з 8 да 9 гадзін. Дата і час выхаду ў эфір будзе вызначана з дапамогай жараб'ёўкі. Усе выступленні будуць транслявацца ў запісе.

Прадстаўнікі ЦВК падкрэслілі, што кандыдаты самастойна вызначаюць змест сваіх зваротаў, аднак іх выступы павінныя адпавядаць патрабаванням Выбарчага кодэксу Беларусі: не ўтрымліваць прапаганды вайны, заклікаў да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці краіны, да сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці, а таксама знявагаў і паклёпу ў дачыненні адказных асобаў і іншых кандыдатаў. Калі гэтыя нормы не выконваюцца, кіраўнік СМІ мае права адмовіць кандыдату ў прадастаўленні эфірнага часу альбо апублікаванні праграмы.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"