БТ звінаваціла польскую амбасаду ў шпіянажы"


7 лютага ў праграме "Комментарий дня" на Першым нацыянальным тэлеканале была агучана інфармацыя пра тое, што "на базе амбасады Польшчы дастаткова працяглы час дзейнічае рэзідэнтура нацыянальных спецслужбаў". Было заяўлена, што, "выкарыстоўваючы дыпламатычны імунітэт", яны "ажыццяўляюць легальную выведку" і іншыя дзеянні, "накіраваныя на ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Рэспулікі Беларусь". Гэта прагучала з вуснаў чалавека, якога прадставілі як супрацоўніка ўпраўлення контрвыведкі КДБ.

8 лютага ў інтэрв'ю агенцтву БелаПАН прэс-сакратар амбасады Польшчы Моніка Садкоўска заявіла, што такія выказванні адпавядаюць агульнай палітыцы беларускіх уладаў у дачыненні да суседняй краіны. "Гэта ўжо не першая праграма, у якой беларускія ўлады спрабуюць прадставіць Польшчу як ворага Беларусі. Падобныя абвінавачанні таксама неаднаразова гучалі на адрас амбасадаў іншых краін Еўрапейскага Саюзу". Спн. Садкоўска не выключае, што гэта "ў нейкай ступені звязана з выбарамі прэзідэнта, якія пройдуць у Беларусі ў сакавіку".

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"