БАЖ прэзентаваў першыя вынікі медыя-маніторынгу
2 лютага ў офісе ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" адбылася прэзентацыя першага бюлетэню з серыі "Маніторынг СМІ: "Асвятленне прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. у беларускіх медыях", які назваецца "Тэма выбараў і палітычныя суб'екты ў беларускіх СМІ напярэдадні рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты" (перыяд з 16 па 27 студзеня 2006 г.). Акрамя гэтага, увазе журналістаў быў прапанаваны "Аналітычны маніторынг парушэнняў свабоды выказвання і канфліктаў у сферы СМІ" у перыяд з 16 снежня 2005 г. да 1 лютага 2006 г. Абодва дакументы можна знайсці на сайце БАЖ (www.baj.by) у рубрыцы "Выбар-2006".
Серыю "Маніторынг СМІ" рыхтуе група журналістаў пад кіраўніцтвам сябра Рады БАЖ, медыя-аналітыка Алеся Анціпенкі. Прэзентуючы бюлетэнь, ён нагадаў, што пад час парламенцкіх выбараў і рэферэндуму 2004 г. гэтая ж група ўжо вяла аналагічную працу, заснаваную на метадалогіі славацкай недзяржаўнай арганізацыі МЕМО-98. "Маніторынг адбываецца на падставе шэрагу колькасных параметраў, каб выключыць суб'ектыўны фактар у аналізе матэрыялаў", - адзначыў сп. Анціпенка. Сярод асноўных мэтаў маніторынгу ён назваў "ацэнку прафесійнага ўзроўню асвятлення выбарчага працэсу", здольнасці беларускіх медыяў "эфектыўна і поўна адлюстроўваць разнастайныя палітычныя і грамадскія погляды кандыдатаў у прэзідэнты і іх прыхільнікаў", а таксама "аналіз ролі дзяржаўных і незалежных медыяў у адукацыі выбаршчыкаў".
Маніторцы аналізавалі праграмы трох нацыянальных тэлеканалаў, некалькі рэгіянальных выпускаў БТ (у Магілёве і Гродна), праграму першага каналу беларускага радыё "Радыёфакт", шэраг дзяржаўных і недзяржаўных газет (падрабязнае апісанне аб'ектаў і суб'ектаў маніторынгу можна знайсці ў рубрыцы "Выбар-2006").
Галоўныя высновы, да якіх прыйшлі аўтары бюлетэню на падставе прааналізаванага матэрыялу:
- "Ціхая" выбарчая кампанія ў асвятленні дзяржаўнымі СМІ ў тых жа самых медыях была сканцэнтравана на асобе аднаго прэтэндэнта - дзеючага Прэзідэнта краіны.
- Прэзідэнт рэпрэзентаваўся пераважна станоўча ці надзвычай станоўча.
- Іншыя прэтэндэнты на пасаду Прэзідэнта практычна адсутнічалі ў дзяржаўных медыях. Адпаведна шмат хто з тых выбаршчыкаў, для каго адзінай крыніцай інфармацыі з'яўляюцца дзяржаўныя СМІ, не атрымаў аб'ектыўнай інфармацыі пра альтэрнатыўных прэтэндэнтаў.
- Прэзідэнт краіны падаваўся як адзіны рэальны кандыдат, а апазіцыйныя кандыдаты - як прэтэндэнты, што не маюць аніякай электаральнай падтрымкі ў грамадстве.
- Дзяржаўныя электронныя і друкаваныя СМІ практычна ігнаравалі палітычную апазіцыю ў краіне (розныя апазіцыйныя палітычныя партыі і іх удзел у прэзідэнцкай кампаніі), а калі і ўзгадвалі пра яе, дык асвятлялі яе дзейнасць ў неперсаналізаванай, адмоўнай альбо скрайне адмоўнай манеры.
- Недзяржаўная прэса падала даволі шырокую карціну выбарчай кампаніі, але некаторыя друкаваныя медыі дэманстравалі відавочную прыхільнасьць да таго ці іншага кандыдата ад дэмакратычных сіл, а менавіта, - да А. Мілінкевіча ці А. Казуліна.
У часе маніторынгу таксама быў зафіксаваны шэраг выпадкаў ужывання "эфектаў медыяў" - г. зн. непрафесійнага, вельмі тэндэнцыйнага асвятлення тэмы. Найбольш яскравыя прыклады зафіксавалі маніторцы, якія аналізавалі праграмы БТ. Такія выпадкі "не маюць дачынення да журналістыкі, але маюць дачыненне да дэзінфармавання выбаршчыкаў і да прапаганды", - рэзюмаваў А. Анціпенка.
Прэзентуючы "Аналітычны маніторынг парушэнняў свабоды выказвання і канфліктаў у сферы СМІ", намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец акцэнтаваў увагу на скаардынаванасці дзеянняў уладных структур, вынікам якіх стала ўскладненне ўмоваў працы для недзяржаўных СМІ. "Звяртае на сябе ўвагу ўзгодненасць дзеянняў дзяржаўных органаў розных галінаў і ўзроўняў улады, судоў у розных рэгіёнах краіны, а таксама дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных розным міністэрствам (прадпрыемствы пошты уваходзяць у сістэму Мінсувязі, а "Саюздруку" - Міністэрства інфармацыі)". Гэта "дае падставы для высновы пра іх каардынацыю з адзінага цэнтру", - гаворыцца ў справаздачы.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"