Міліцыя перашкаджае распаўсюду газет "Товарищ" і "Народная воля"
Апошнімі днямі ў розных рэгіёнах Беларусі супрацоўнікі міліцыі спрабавалі перашкодзіць дзеянням грамадскіх актывістаў, якія займаюцца бясплатным распаўсюдам недзяржаўных выданняў "Товарищ" і "Народная воля".
30 студзеня супрацоўнікі РАУС г. Жлобіна (Гомельская вобласць) забралі 694 асобнікі газеты "Товарищ" і 282 асобнікі "Народнай волі" з машыны грамадскага актывіста Уладзіміра Кацоры. Каля 21.00 на трасе Мінск-Гомель блізу Жлобіна дарожная інспекцыя спыніла машыну сп-ра Кацоры і, пасля таго, як ён адмовіўся без складання пратаколу паказваць салон і багажнік аўтамабіля, суправадзілі яго ў раённы аддзел міліцыі. Там пры даглядзе машыны ў яго знайшлі частку накладу згаданых газет, якія У. Кацора вёз іх у Гомель для бясплатнага распаўсюду.
31 студзеня галоўны рэдактар газеты "Товарищ" Сяргей Вазняк накіраваў на імя начальніка Жлобінскага РАУС падпалкоўніка міліцыі Алега Прахарэнкі заяву з патрабаваннем вярнуць газеты і пакараць за перавышэнне службовых паўнамоцтваў міліцыянтаў, якія затрымалі выданні. Абедзьве газеты выходзяць легальна, маюць усе неабходныя выходныя дадзеныя і пазнаку "Для рэкламных мэтаў".
Гэта ўжо трэцяе па ліку пасля пачатку выбарчай кампаніі затрыманне ў Жлобінскім раёне У. Кацоры, які таксама з'яўляецца кіраўніком Гомельскага штаба А. Мілінкевіча. (Раней, акрамя газет, у яго забіралі таксама паштоўкі з навагоднім віншаваннем сп-ра Мілінкевіча).
Між тым, як паведаміла прэс-служба Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі, 31 студзеня супрацоўнікі сталічнай міліцыі забаранілі актывістам Мінскай гарадской арганізацыі АГП і МХСС-"Маладыя дэмакраты" раздаваць апошні нумар "Народнай волі" ў падземным пераходзе на станцыі метро "Пушкінская". У выніку распаўсюднікам давялося пакінуць пераход і раздаваць выданне ў іншым месцы - каля гатэлю "Арбіта".
Прэс-служба і служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"