Названы пераможца тэндэру Еўракамісіі па вяшчанні на Беларусь
Кансорцыюм вяшчальнікаў на чале з нямецкай кампаніяй "Медыя кансалта" стаў пераможцам тэндэру Еўракамісіі па арганізацыі вяшчання на Беларусь. Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміла 26 студзеня прэс-сакратар еўракамісара па знешняй палітыцы Эма Удвін. У кансорцыюм уваходзяць "Еўрапейскае радыё для Беларусі", якое будзе вяшчаць з Польшчы, літоўскае "Радыё балтыйская хваля", расійскі незалежны тэлеканал RTVI, які транслюецца з Германіі, "а таксама беларускія НДА і журналісты", - паведаміў БелаПАН. Акрамя тэле-і радыёвяшчання і інтэрнэт-рэсурсаў, двухгадавы праект прадугледжвае падтрымку друкаваных выданняў і трэнінгі для журналістаў.
Тэндэр быў абвешчаны 9 верасня. Сродкі (2 млн. еўра) выдаткоўваюцца на два гады. Мэта праекту - "забяспечыць беларусаў незалежнай інфармацыяй аб падзеях у Беларусі і іншых краінах, павысіць інфармаванасць у пытаннях дэмакратыі, вяршэнства закона, плюралізму, свабоды СМІ і правоў чалавека". У канцы лістапада былі адабраныя чатыры кансорцыюмы для ўдзелу ў тэндэры, якія аб'ядналі кампаніі Беларусі, Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны. Першапачаткова нямецкая кампанія "Медыя Кансалта" выступала ў пары з расійскім тэлеканалам "ТВ-Центр", які пасля адмовіўся ад удзелу ў тэндэры.
Па словах Э.Удвін, вяшчанне пачнецца ў лютым, яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў. Яна выказала надзею, што гэта дазволіць "прадаставіць доступ да незалежных крыніц інфармацыі больш шырокім колам беларускага грамадства". "Еўразвяз зацікаўлены ў тым, каб дапамагчы беларусам атрымліваць аб'ектыўную, незалежную інфармацыю пра сваю краіну, а таксама пра краіны і ўстановы Еўразвязу", - падкрэсліла прэс-сакратар. Па яе словах, з прэтэндэнтаў быў выбраны той, "хто прапанаваў аптымальны змест, мае вялікі досвед і разумее спецыфічную сітуацыю, якая склалася ў Беларусі". Еўразвяз заявіў, што будзе весці трансляцыю праз спадарожнік, паколькі "яе немагчыма перарываць звонку".
У прэс-релізе, які 26 студзеня распаўсюдзіла Еўракамісія, прыводзяцца словы камісіра Еўразвязу па знешняй палітыцы Беніты Ферэра-Вальднэр: "Еўразвяз імкнецца да таго, каб рабіць усё магчымае для падтрымкі дэмакратызацыі і выкананя правоў чалавека ў Беларусі", - адзначыла камісар. Яна выказала надзею, што праект Еўракамісіі "істотна паўплывае на сітуацыю са СМІ ў рэспубліцы".
Гэта ўжо другі тэндер, праведзены Еўразвязам. Першы - у памеры 138 тысяч еўра - выйграў у жніўні 2005 года праект радыёстанцыі "Нямецкая хваля": 15-хвілінная праграма пра Беларусь выходзіць у эфір з 3 кастрычніка.
Падрыхтавана паводле паведамлення БелаПАН