"Нацыянальная сістэма тэлерадыёвяшчання гатовая да адбівання інфармацыйных атак…"
"Шмат хто падтрымлівае маю пазіцыю ў тым, што ідэалогія не прыватызуецца, СМІ павінныя падтрымлівацца дзяржавай, і сёння нам шмат хто ў гэтым зайздросціць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 студзеня падчас уручэння дзяржаўных узнагародаў работнікам беларускіх тэлеканалаў.
Па яго словах, днямі ў Санкт-Пецярбургу на сустрэчы з прэзідэнтамі краін ЕўразЭС ішла размова пра СМІ і абмяркоўваліся тэндэнцыі іх развіцця, а таксама сітуацыя з няўрадавымі арганізацыямі. Паводле А. Лукашэнкі, яго калегі "зазйздросцілі…, што нам удалося не разваліць краіну, таму што мы не распусцілі сродкі масавай інфармацыі, а падтрымлівалі іх, кантралявалі, і так далей". У той жа час, "з асобнымі, недзяржаўнымі СМІ, у нас ёсць праблемы", - зазначыў кіраўнік дзяржавы. "Мы ведаем, дзе і колькі яны атрымліваюць грошай…"
"Інфармацыйнае поле Беларусі ў апошні час усё мацней падвяргаецца знешняму ўздзеянню, аднак нацыянальная сістэма тэлерадыёвяшчання гатовая да адбівання інфармацыйных атак, да актыўных наступальных контрпрапагандысцкіх дзеянняў", - заявіў А. Лукашэнка. З яго словаў, "беларускія тэле- і радыёканалы не згубілі вастрыні, уласцівай інфармацыйнай зброі, імкнуцца да больш дасканалай падачы матэрыялаў, вучацца рабіць гэта танчэй, без саладжавасці і падлашчвання да гледачоў і слухачоў, ды і да ўлады".
А. Лукашэнка адзначыў, што дзяржава аказвае ўсебаковую падтрымку дзяржаўным сродкам масавай інфармацыі. " Толькі такім чынам улада можа выконваць свае найважнейшыя функцыі: забяспечваць палітычную стабільнасць, актыўна супрацьдзейнічаць унутраным і вонкавым пагрозам".
"Інфармацыйнае поле Беларусі, як ніякая іншай краіны, адкрытае для сродкаў масавай інфармацыі любой формы ўласнасці, канешне, калі яны дзейнічаюць у межах беларускага заканадаўства. Праводзячы такую палітыку, дзяржава зыходзіць з інтарэсаў і канстытуцыйных правоў грамадзян рэспублікі", - запэўніў кіраўнік дзяржавы.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" па матэрыялах БелТА і "Інтэрфакс"