Сёлета з дзяржаўнага бюджэту на СМІ будзе выдаткавана ўдвая больш грошай, чым у 2004 г.


У 2006 г. на развіццё сродкаў масавай інфармацыі будзе выдаткавана з дзяржаўнага бюджэту больш за 60 мільёнаў долараў. Гэта на 20 мільёнаў больш, чым у мінулым годзе, і ўдвая перавышае суму, выдаткаваную на СМІ ў 2004 г.

У адпаведнасці ў Законам РБ "Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2006 г." (Нац. рэестр прававых актаў, №7, 18.01.2006), на сродкі масавай інфармацыі мае быць выдаткавана 130 300 160,0 тыс. рублёў, што ў эквіваленце складае 60,55 млн. долараў. 43,89 млн. долараў з гэтай сумы прызначаныя на развіццё тэлебачання і радыёвяшчання; на перыядычны друк і выдавецтвы даводзіцца 11,53 млн. долараў; 5,12 млн. долараў адведзена на "іншыя выдаткі сродкаў масавай інфармацыі".

Для параўнання: у бюджэце на 2005 г. на СМІ было адведзена каля 40,7 млн. долараў (33,73 млн. - на ТБ і радыё; 5,85 млн. - на перыядычны друк і 1,1 млн. - на іншыя выдаткі). У бюджэце на 2004 г. агульная сума, прызначаная на развіццё сродкаў масавай інфармацыі, складала каля 29,7 млн. долараў (23,9 - на ТБ і радыё; 5,2 - на перыядычны друк і 0,7 - на іншыя выдаткі СМІ).

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"