Брэсцкі гарвыканкам збірае звесткі пра крыніцы фінансавання мясцовых газет


19 студзеня сканчаецца тэрмін, да якога рэдакцыі брэсцкіх выданняў павінныя падаць у аддзел ідэалагічнай працы гарвыканкаму падрабязныя звесткі пра свае газеты: у тым ліку пра крыніцы фінансавання, каналы распаўсюду, рэкламадаўцаў і г.д. Адпаведнае пісьмовае распараджэнне атрымалі з гарвыканкаму ўсе рэдакцыі гарадскіх выданняў.

У прыватнасці, гарвыканкам цікавяць звесткі пра заснавальнікаў выдання, крыніцы фінансавання, выдавецкую базу і каналы распаўсюду газеты, а таксама пра наклад і працэнт звароту гэтага накладу. У анкеце ёсць таксама пытанні пра фінансава-гаспадарчую дзейнасць рэдакцыі, яе тэхнічную і матэрыяльную базу, асноўных рэкламадаўцаў. Гарадскія ўлады жадаюць таксама ведаць пра "актуальнасць і якасць падрыхтаваных матэрыялаў, адпаведнасць іх рэдакцыйнай палітыцы".
Неабходнасць атрымання гэтых звестак у гарвыканкаме тлумачаць падрыхтоўкай да паседжання Брэсцкага аблвыканкаму, дзе будзе разглядацца пытанне "Аб ролі сродкаў масавай інфармацыі ў фармаванні адзінай інфармацыйнай палітыкі вобласці".

Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"