Новы закон аб СМІ з'явіцца не раней за 2007 год?


Новая рэдакцыя закона аб друку і іншых СМІ паступіць у парламент не раней 2007 года. Пра гэта ў інтэрв'ю БелаПАН заявіў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных дачыненнях і СМІ Юрый Кулакоўскі. Па яго словах, гэтага дакумента няма ў пераліку законапраектаў, якія будуць унесеныя ў парламент напрацягу 2006 г.

Паводле сп. Кулакоўскага, неабходнасць прыняцця новай рэдакцыі закона аб СМІ абумоўлена тым, што прыняты 10 гадоў таму дакумент "адстаў ад жыцця": найперш таму, што ў ім не гаворыцца пра інтэрнэт, які стаў "вельмі магутным інфармацыйным рэсурсам" і які неабходна "заканадаўча рэгуляваць".

Акрамя гэтага, па меркаванні Ю. Кулакоўскага, у дзейным законе недастаткова абароненыя правы журналістаў. "Думаю, што няправільна, калі журналіста могуць прыцягнуць да адказнасці за публікацыі, напісаныя 10 гадоў таму. Напэўна, трэба абмежаваць гэтыя часавыя рамкі", - заявіў БелаПАН старшыня камісіі.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"