Колькасць друкаваных СМІ ў канцы 2005 г. істотна скарацілася
Прыведзеныя на сайце www.mininform.gov.by інфармацыя пра колькасць зарэгістраваных у краіне СМІ дазваляе зрабіць выснову адносна тэндэнцыі да скарачэння іх колькасці. Асабліва выразныя змены адбываюцца ў галіне друкаваных СМІ. Да прыкладу, на 1 студзеня 2006 г. у Беларусі налічвалася 1187 друкаваных перыядычных СМІ, у тым ліку 748 газет. Між тым, за 2 месяцы да гэтага, на 1 лістапада 2005 г., агульная колькасць зарэгістраваных друкаваных медыяў складала 1257, у тым ліку газет - 770. А яшчэ ў кастрычніку мінулага года зарэгістраваных СМІ налічвалася 1266; у тым ліку газет - 779. Такім чынам, за апошнія 3 месяцы 2005 г. друкаваных выданняў у Беларусі паменела на 79, у тым ліку газет - на 31.
У аддзеле рэгістрацыі Міністэрства інфармацыі адмовілася прадаставіць БАЖ звесткі пра колькасць папярэджанняў, прыпыненняў альбо скасаванняў рэгістрацыі СМІ ў 2005 г. без пісьмовага запыту. (Адпаведны запыт будзе накіраваны ў міністэрства найбліжэйшымі днямі).
Па звестках ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", сёння можна налічыць крыху больш за 30 беларускіх грамадска-палітычных выданняў (сярод заснавальнікаў якіх няма дзяржаўных органаў), якія працягваюць з рознай перыядычнасцю выходзіць і трапляць да чытача. Каля 25 з іх працуюць у рэгіёнах.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"