Блізкія Веранікі Чаркасавай лічаць, што жыццю і здароўю яе сына Антона Філімонава пагражае сур'ёзная небяспека


"Я павінен сказаць, што жыццю і здароўю Антона пагражае небяспека", - заявіў айчым Веранікі Чаркасавай Уладзімір Мялешка на прэс-канферэнцыі, што адбылася ў Мінску 6 студзеня з ініцыятывы блізкіх забітай журналісткі. Па іх інфармацыі, падлетка, які ўтрымліваецца пад арыштам у СІЗА, настойліва змушаюць падпісаць прызнанне ў забойстве маці.

Нагадаем, што Антон Філімонаў быў затрыманы 27 снежня супрацоўнікамі ўпраўлення ўнутраных спраў Першамайскага раёна па падазрэнні ў вырабе і збыце беларускіх грашовых купюраў. У яго і яшчэ чатырох яго знаёмых знайшлі некалькі купюраў па 5 і па 10 тысяч беларускіх рублёў, і ў дачыненні да іх была узбуджаная крымінальная справа па арт. 221 КК РБ. Усе пяцёра правялі трое сутак у следчым ізалятары часовага ўтрымання, аднак 30 снежня ўсіх, акрамя Антона, адпусцілі. Мера стрымання ў выглядзе арышту была прымененая толькі да Філімонава, які цяпер утрымліваецца ў ізалятары на вул. Валадарскага.

Па словах дзядулі і бабулі Антона, аператыўныя работнікі, якія затрымалі падлетка 27 снежня, спачатку казалі, што гэта "дробязі" і што з улікам узросту іх унука "клапаціцца няма пра што". "Усё гэта было да таго часу, пакуль пра яго затрыманне не стала вядома, відавочна, іншым органам, - кажа Дыяна Чаркасава. - Тады пайшла абсалютна іншая "праца" і абсалютна іншае стаўленне да Антона... Ужо 28-га снежня да Антона ў ізалятар часовага ўтрымання замест следчага прыйшлі двое людзей, якія прапанавалі яму паперу, ручку і сказалі: пішы чыстасардэчнае прызнанне, яўку з павіннай. Наколькі нам вядома, гэтая размова вялася вельмі доўга". Паводле Д. Чаркасавай, дзядуля Антона Уладзімір Мялешка сустрэў гэтых жа людзей каля СІЗА і 1-га студзеня. Пасля пераводу падлетка ў ізалятар на Валадарскага візіты не спыніліся: па інфармацыі, якую атрымалі блізкія ад адваката, апошняя "размова" мела месца 4 студзеня.

"Калі мы тэлефанавалі ў нейкія інстанцыі - да прыкладу, у Міністэрства ўнутраных спраў - нам казалі, што гэта, маўляў, не допыты, з ім проста "вядуцца размовы"... Размовы вяліся па-рознаму, але больш за ўсё яго запалохвалі. Да яго прыходзілі з раніцы, некалькі гадзін вялі "размову", пасля чаго на яго надзявалі кайданкі і везлі на допыт у Першамайскі РАУС - ужо па той справе, па якой ён патрапіў... Яны казалі страшныя рэчы. Даўно даказана 100-працэнтнае алібі Уладзіміра Уладзіміравіча (Мялешкі), але яны яму казалі: ты напішы, што забіваў не ты, а толькі стаяў, глядзеў, а забіваў твой дзядуля..."

Блізкія і адвакат Антона накіравалі скаргі ў пракуратуру г. Мінска, а таксама намесніку Генеральнага пракурора РБ Віктару Прусу з просьбай праверыць законнасць "наведванняў" Антона ў ізалятары. У скарзе адваката пералічваюцца ўсе парушэнні, дапушчаныя ў дачыненні да Антона з моманту яго затрымання. Уладзімір Мялешка падаў таксама хадайніцтва аб змяненні ўнуку меры стрымання, пералічыўшы шэраг сур'ёзных хранічных захворванняў нырак і сэрца, якія ўяўляюць сур'ёзную небяспеку для здароўя Антона, паколькі той у СІЗА не мае магчымасці прымаць неабходныя лекі і выконваць прадпісанні лекараў.

"Пад прыкрыццём аператыўна-вышуковай дзейнасці ідзе проста знішчэнне чалавека", - лічыць У. Мялешка. "У красавіку ў дачыненні да нас з Антонам быў спынены крымінальны пераслед "за адсутнасцю ў дзеяннях складу злачынства". Гэта тая нам тады падалася "святлом у канцы тунэлю", і Антон успрыняў яе менавіта так, вярнуўшыся з Масквы дадому. Цяпер можна зрабіць выснову, што гэта было не "святло", а пастка..."

"Яны даб'юцца ад яго прызнання, а потым зробяць што-небудзь з ім самім, сказаўшы, што ён зрабіў гэта сам. І такім чынам будзе закрытая справа, якую яны ніяк не могуць скончыць...", - апасаецца Дыяна Чаркасава.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"