"Рэпарцёры без межаў": 2005 год для журналістаў - самы небяспечны за апошняе дзесяцігоддзе


4 студзеня ўплывовая міжнародная арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" апублікавала штогадовую справаздачу па сітуацыі са СМІ ў 2005 годзе, - паведаміў БелаПАН. Беларусь у ім згадваецца ў трох радзелах.

Наша краіна ўключаная ў спіс дзяржаваў, дзе ў мінулым годзе з-за сваёй прафесійнай дзейнасці загінулі журналісты. Гаворка ідзе пра пазаштатнага супрацоўніка недзяржаўнай газеты "Народная воля" Васіля Гроднікава.

Акрамя гэтага, Беларусь трапіла ў спіс краін, дзе СМІ падвяргаюцца пераследу і цэнзуры. "Газеты зачыняюць за крытыку ўладаў, яны церпяць праблемы з друкам і распаўсюдам", - гаворыцца ў справаздачы.

Паводле "Рэпарцёраў", Беларусь узначальвае спіс краін - ворагаў Інтэрнэту. За ёй ідуць Бірма, Кітай, Куба, Іран і Лівія.

Наогул, 2005 год названы ў дакуменце "самым небяспечным годам дзесяцігоддзя": 63 журналісты былі забітыя, 807 - арыштаваныя, 1308 сутыкнуліся з пагрозамі, 1006 выданняў падвергліся цэнзуры.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"