Пракуратура можа аднавіць следства па справе аб забойстве Чаркасавай


Не выключана, што пасля 7 студзеня пракуратура г. Мінска адновіць следства па справе аб забойстве журналісткі Веранікі Чаркасавай. Пра гэта паведаміў прэс-службе ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" кіраўнік следчага аддзелу па асабліва важных справах пракуратуры г. Мінска Сяргей Іваноў. Намер аднавіць следства звязаны з затрыманнем і арыштам па іншай справе сына забітай журналісткі, Антона Філімонава.

16-гадовага Антона затрымалі ўвечары 27 снежня супрацоўнікі ўпраўлення ўнутраных справаў Першамайскага раёна па падазрэнні ў вырабе і распаўсюдзе беларускіх грашовых купюраў. У яго і яшчэ чатырох яго знаёмых знайшлі некалькі купюраў па 5 і па 10 тысяч беларускіх рублёў. У дачыненні да іх была узбуджаная крымінальная справа па арт. 221 КК РБ, і ўсіх іх пратрымалі ў следчым ізалятары часовага ўтрыманні трое сутак. Аднак, па інфармацыі бабулі Антона Дыяны Чаркасавай, мера стрымання ў выглядзе арышту была прымененая чамусьці толькі да яе ўнука, хаця сярод удзельнікаў грашовай справы" былі і значна больш дарослыя людзі. Зараз Антона ўтрымліваюць у следчым ізалятары на вул. Валадарскага, а ўсіх астатніх адпусцілі дахаты.

Глупства непаўнагадовага прывяло да сутыкнення з законам. Але ў гэтай справе зашмат супадзенняў, якія прывялі яго якраз у рукі тых, хто хоча выбіць з яго прызнанні датычна зусім іншага злачынства", - кажа Дыяна Чаркасава.

Стала вядома, што ўжо на наступны дзень пасля затрымання да Антона Філімонава ў ізалятар часовага ўтрымання прыходзілі наведнікі, якія прапаноўвалі яму напісаць прызнанне ў забойстве маці. Пасля гэтага блізкія Антона сутыкнуліся з імі каля СІЗА яшчэ раз 1-га студзеня.

Паводле Сяргея Іванова, калі следства будзе адноўлена, пракуратура мае намер правяраць усіх фігурантаў "грашовай" справы на прадмет спрычыненасці да справы аб забойстве. Адносна візітораў, якія наведваюць Антона ў ізалятары і спрабуюць схіліць яго да падпісання прызнання ў забойстве маці, Сяргей Іваноў заявіў, што не валодае інфармацыяй" на гэты конт, але "асабіста ён туды не хадзіў.

Нагадаем, што следства па справе аб забойстве В. Чаркасавай было прыпынена пасля 20 снежня 2005 г. "у сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню да адказнасці ў якасці абвінавачанага.

Вераніку Чаркасаву забілі 20 кастрычніка 2004 году ва ўласнай кватэры. Антон і Ўладзімір Мялешка, якія першымі ўвайшлі ў кватэру і самі выклікалі міліцыю, былі прызнаныя падазраванымі ў забойстве. У чэрвені 2005 году з іх зьнялі статус падазраваных.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"