“Прымушаць аўдыторыю любіць вайскоўцаў – не наша задача”
За тыдзень да пачатку Майдана пераехаў з Львова ў Кіеў працаваць ва ўкраінскай службе Радыё “Свабода”. Хацеў трапіць у гарачыя кропкі, але вайна сама прыйшла ў ягоную краіну.
Ваенныя журналісты: Аркадзь Бабчанка, Павал Рэшка, Леўка Стэк
24-гадовы ваенны журналіст Леўка Стэк роўна год рэгулярна робіць рэпартажы з перадавой. За гэта ён стаў лаўрэатам сёлетняй прэміі імя Аляксандра Крывенкі. Леўка Стэк быў адным са спікераў ІІІ Львоўскага медыяфоруму, куды ён прыйшоў у цішотцы з лога беларускага гурта “Brutto”.
– Прыязджаць у Львоў ды купляць сувеніры альбо наведваць экскурсіі – неяк дзіўна сябе адчуваеш, ведаючы, што ў краіне ідзе вайна. Ва ўкраінскіх СМІ я сустракала меркаванні, што было б шчыра ў адносінах да ўсіх абвесціць ваенны стан. Што Вы пра гэта думаеце?
– Я супраць ваеннага стану, бо ён прадугледжвае жорсткую цэнзуру СМІ. Хіба пасля яго абвяшчэння колькасць танкаў пабольшыцца? Затое ёсць шмат рызыкаў. Напрыклад, тое, што ўсім “нязручным” журналістам проста закрыюць рот. Бо ваенны стан без усякіх тлумачэнняў дазваляе закрыць нязручныя СМІ.
– У Вас быў тэкст пра зямлянку вайсковых. Вы пісалі “запомніце гэта фота, калі будзеце скардзіцца на афіцыянта, які вас дрэнна абслужыў”. Можа, з гэтага пункту гледжання ваенны стан быў бы лепшым?
– Я змяніў сваю думку з таго часу. Спачатку, калі я вяртаўся з Данбасу, мне было вельмі непрыемна. Праязджаеш 200 кіламетраў – і ўсё. Вайны няма. Абсалютна мірнае жыццё, якім яно было 2 ці 4 гады таму! І мне здавалася: як так?! Там людзі паміраюць, там абстрэлы, руйнаванне, смерць, а тут людзі слухаюць музыку, працуюць. Гэта абурала.
Паступова, у гутарках з ваеннымі, калі больш часу правёў у зоне канфлікту, я зразумеў, што гэта добра. Добра, калі ёсць куды вярнуцца. Калі ваенны ідзе ў адпачынак з зоны баявых дзенняў, ён не хоча вяртацца на вайну. Ён хоча вярнуцца дадому і забыць пра вайну, наколькі гэта магчыма. Ваенныя ўласна для гэтага і ваююць, каб тут людзі маглі жыць звычайным жыццём. Яны лічаць нармальным, калі ідзе паўсядзённае жыццё. Але ёсць адзін аспект. Вельмі дрэнна, калі людзі апранаюць ружовыя акуляры і спрабуюць адгарадзіцца ад таго, што за 900 кіламетраў адсюль ідзе вайна. Пра гэта нельга забываць. Можна рознымі спосабамі ўдзельнічаць у вайне.
– Пад час дыскусіі на медыяфоруме Вы звярталі ўвагу на тое, што СМІ замоўчваюць праблему п’янства ва ўкраінскай арміі. Цікава Вашае меркаванне наконт таго, як асвятляецца дзейнасць дабраахвотных батальёнаў.
– У асноўным медыі фармуюць імідж правільнага, амаль што ідэальнага, патрыёта. Гераізуюць яго. Але гэта не так. На вайне не толькі героі. Там вельмі розныя людзі. Я заўжды паўтараю: не трэба прымушаць аўдыторыю любіць вайскоўцаў. Гэта не нашае заданне. Гэта вельмі небяспечна і няправільна – скатвацца да прапаганды.
– Як Вы ацэньваеце ўзровень псіхалагічнай рэабілітацыі вайскоўцаў, у тым ліку ваенных журналістаў?
– Павінна быць дзяржаўная цэнтралізаваная праграма. Яе няма. Адзінкавыя выпадкі не ўплываюць на агульную карціну. У нас дзясяткі тысяч ветэранаў, якія пасля году на вайне вяртаюцца дадому. Яны прывезлі вайну з сабой. Нельга проста перакрыць нейкі “клапан” і забыць. Я на перадавой сутыкаўся з выпадкамі, калі ваенны быў не ў сабе, ён быў настолькі траўмаваны, што быў небяспечным для навакольных. Чалавек на блокпосце ў стане ап’янення пачынае страляць і крычаць, якія журналісты падонкі, відавочна, не мае права там быць, таму што ён небяспечны. Яму патрэбна лекаванне, а ён служыць. Я ведаю шмат ваенных, якія адчуваюць сябе пакінутымі.
– Як Вы самі адпачываеце, калі вяртаецеся з фронту?
– Слухаю гурт “Brutto” (мне вельмі падабаецца!), хаджу на канцэрты, гуляю па Кіеве. Найлепшы адпачынак – прыехаць дадому, сустрэцца з роднымі і сябрамі. Мне не трэба алкаголь ці наркотыкі, каб расслабіцца. Мне хапае звычайных радасцяў, якія ёсць у кожнага чалавека ў нармальным жыцці.