Калегі-БАЖаўцы наведалі Антона Сурапіна


7 чэрвеня сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” наведалі журналіста Антона Сурапіна, які праходзіць тэрміновую вайсковую службу ў адной з частак Слоніма.

Калегі прывезлі журналісту прысмакаў, каб расквеціць ягоны шэры армейскі побыт, а таксама свежую прэсу. Антон распавёў апошнія навіны свайго вайсковага жыцця і планы на пасляармейскую будучыню, а таксама перадаў прывітанне ўсім БАЖаўцам.

Нагадаем, што 2012 годзе журналіст больш за месяц правёў у следчым ізалятары КДБ па справе аб «шведскіх плюшавых мядзведзіках». Тады Антона Сурапіна звінавацілі ў падрыхтоўцы незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы шведамі, хаця журналіст проста першым размясціў фотаздымкі «плюшавага дэсанту» на сваім сайце. Пра спыненне крымінальнага пераследу Антона Сурапіна КДБ афіцыйна аб’явіў у чэрвені 2012 г. Арышт Сурапіна ўзначаліў дзясятку самых абсурдных арыштаў года ў рэйтынгу Аmnesty International.