СМІ ў краінах Усходняга Партнёрства: карцінка зусім не ружовая (Удакладнена)
“Будучыня не нясе ніякай надзеі на змяненне сітуацыі. Усё, што мы бачым, – гэта прамы пачварны эфект ад прапаганды. Чаму мы ўсе думаем, што будзе лепш? Трэба думаць, што мы можам зрабіць...”
Фота eu2015.lv
19-20 мая ў Рызе адбылася першая медыяканферэнцыя краін Усходняга Партнёрства. У мерапрыемстве бралі ўдзел амаль 400 дэлегатаў – журналістаў з Украіны, Арменіі, Азербайджана, Малдовы, Грузіі.
Беларусь прадставіла дэлегацыя з двух дзясяткаў чалавек, сярод якіх – рэдактары незалежных СМІ Святлана Калінкіна, Аляксандар Адамянц, Ірына Віданава, Зміцер Панкавец, Яніна Мельнікава, медыяэксперты Міхаіл Дарашэвіч і Паўлюк Быкоўскі, блогер Віктар Малішэўскі, журналісты Арцём Шрайбман і Таццяна Каравянкова і іншыя.
Фота naviny.by
Афіцыйны Мінск на медыяканферэнцыі прадставіў намеснік начальніка ўпраўлення прававой і кадравай работы Міністэрства інфармацыі Юрый Бябешка. Ад ГА “БАЖ” у форуме бралі ўдзел экс-старшыня Жанна Літвіна і старшыня арганізацыі Андрэй Бастунец.
Перад дэлегатамі выступілі першыя асобы ўраду Латвіі: спікер Сейма Інара Мурніеце (Ināra Mūrniece), дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных спраў Латвіі Андрэйс Пілдэговічс (Andrejs Pildegovičs), намеснік Міністра замежных справаў Латвіі Эдуардас Стыпрайс (Eduards Stiprais), Міністр культуры Латвіі Дацэ Мелбардэ (Dace Melbārde), прэзідэнт Латвіі (1999-2007), дырэктар Вышэйшай групы свабоды і плюралізму СМІ ў Еўрапейскім Саюзе (2011-2012) Вайра Віке-Фрэйберга (Vaira Vike-Freiberga).
Кіраўніцтва Еўрапейскага Саюза на медыяканферэнцыі прадставілі камісар ЕС па правах чалавека Нілс Мужніекс (Nils Muižnieks), камісар ЕС па пытаннях суседства і перамовах па пашырэнні Йоханэс Хан (Johannes Hahn), дырэктар па супрацоўніцтве з Расіяй, краінамі Усходняга Партнёрства, Цэнтральнай Азіі і рэгіянальным супрацоўніцтве і дырэктаратам АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунар Віганд (Gunnar Wiegand).
Ад міжнародных арганізацый у форуме ўдзельнічалі прадстаўніца АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч (Dunja Mijatović), дырэктар міжнароднай Сеткі этычнага журналізму Айдан Уайт (Aidan White), які 24 гады займаў пасаду Генеральнага дырэктара Міжнароднай федэрацыі журналістаў; дырэктар “Еўрапейскага Фонда за дэмакратыю” Ежы Памяноўскі (Jerzy Pomianowski), заснавальнік Клуба медыяменеджараў Таццяна Рэпкова (Tatiana Repkova). У мінулым Т. Рэпкова працавала дырэктарам па Даследаваннях і інфармацыйным менеджменце ў Сусветнай арганізацыі газетаў і выдаўцоў навінаў (WAN-IFRA) у Парыжы, Францыя. Таксама на медыяканферэнцыі выступілі Могенс Бліхер Б’ерэгард (Mogens Blicher Bjerregård), прэзідэнт кіруючага камітэта Еўрапейскай Федэрацыі Журналістаў (EFJ), і Тарму Тамерк (Tarmu Tammerk), прэзідэнт арганізацыі амбудсменаў у галіне медыя і навінаў, амбудсмен па медыяэтыцы ў Грамадскай вяшчальнай кампаніі Эстоніі.
Краіны Усходняга Партнёрства на Першай медыяканферэнцыі ў Рызе 19-20 мая прадставілі лідары нацыянальных журналісцкіх супольнасцяў. Сярод іх – прэзідэнт Ерэванскага Прэс-клуба Барыс Навасардзян (Арменія), выканаўчы дырэктар Інстытута Масавай інфармацыі Аксана Раманюк (Украіна), выканаўчы дырэктар Асацыяцыі незалежнай прэсы Петру Макавей (Малдова), кіраўнік журналісцкага аб’яднання “Новае пакаленне” Арыф Аліеў (Азербайджан), прафесар Грузінскага інстытута па сувязях з грамадскасцю (GIPA), Каўказскай школы журналістыкі і медыяменеджменту Мая Мікашавідзэ (Грузія), заснавальнік і рэдактар інтэрнэт-выдання “Тэлекрытыка” Наталля Лігачова (Украіна).
Медыяканферэнцыя краін Усходняга Партнёрства адбылася ўпершыню. У чым неабходнасць правядзення такой сустрэчы? Што вырашаюць журналісты?
Прапаганда
Панятак з мінулага, які вярнуўся ў сучасны медыядыскурс. Прапаганда і яе наяўнасць сёння – не толькі прызнаны факт. Гэта пагроза. Удзельнікі медыяканферэнцыі адзінадушна прызналі, што рускамоўная медыяпрастора заражаная гэтай хваробай. З’яўленне камунікатыўнага монстра і гульня “не па правілах” з боку Крамля азначае агульнае аслабленне ролі медыяў, страту даверу да СМІ, скарачэнне праўдзівай інфармацыі ў эфіры, дэзарыентацыю аўдыторыі ва ўсім рэгіёне Усхоўдняй Еўропы, цэнтральнай Азіі, краін Балтыі і ўвогуле ўсюды, дзе вяшчае расійскае тэлебачанне.
Што такое прапаганда і ў чым яе пагроза? Паводле агульнапрынятага вызначэння, “прапаганда” – гэта форма камунікацыі, якая не з’яўляецца аб’ектыўнай, і выкарыстоўваецца для ўплыву на аўдыторыю і фармаванне павесткі дня. У большасці выпадкаў сам тэрмін мае вельмі негатыўнае значэнне і асацыяцыю з маніпуляцыяй. Як распазнаць прапаганду? Перш за ўсё, па селектыўнай прэзентацыі фактаў, хлусні ці замоўчванні. Выдадзеныя ў эфір прапагандысцкія пасланні арыентаваныя на эмацыйны, а не на рацыянальны адказ аўдыторыі.
Стандарты
Дуня Міятавіч, прадстаўнік АБСЭ па свабодзе СМІ, у сваім выступе ахарактарызавала сітуацыі са СМІ ў краінах Усходняга Партнёрства, у тым ліку ў Азербайджане і Беларусі, наступным чынам: “Будучыня не нясе ніякай надзеі на змяненне сітуацыі. Усё, што мы бачым, – гэта прамы пачварны эфект ад прапаганды. Чаму мы ўсе думаем, што будзе лепш? Карцінка зусім не ружовая. Трэба думаць, што мы можам зрабіць”, – сказала Д. Міятавіч.
Наяўнасць у эфіры магутнай прапагандысцкай крыніцы – гэта выпрабаванне на трываласць каштоўнасцяў журналісцкай працы. А выпрабаванне журналісцкіх стандартаў цягне за сабой выпрабаванне каштоўнасцяў дэмакратыі, дзе свабодная незалежная прэса з’яляецца неад’емнай часткай палітычнай сістэмы. Такім чынам, перад сучаснымі еўрапейскімі грамадствамі паўстае не толькі медыйны выклік, але і палітычны, і каштоўнасны.
На медыяканферэнцыі ў Рызе неаднаразова гучала сцвярджанне, што найлепшая зброя супраць прапаганды – гэта прафесійная праца. Калегі і медыяэксперты перасцерагалі ад таго, каб стаць на шлях контрпапаганды, які падаецца вельмі спакуслівым і нават эфектыўным, але з прафесійнага пункту погляду – цалкам тупіковы.
Хто павінны ўзяць адказнасць за свабодныя медыя ў краіне? Журналісты, палітыкі, грамадзянская супольнасць ці ўладальнікі СМІ? На думку Айдана Уайта, грамадзянская супольнасць і яе структуры – першыя ў шэрагу тых, хто павінны дбаць пра незалежныя і аб’ектыўныя медыі. Адначасова сп. Уайт падкрэсліў, што медыя павінны быць вольнымі ад палітычнага ўмяшальніцтва, а палітыка павінна быць вольнай ад умяшальніцтва бізнесу і капіталу. Галоўнай задачай для СМІ застаецца захаванне аб’ектыўнасці і нейтралітэту.
Тэзіс можна аспрэчыць сцверджаннем, што “СМІ – гэта таксама бізнес” і гэтая парадыгма ў любым выпадку робіць медыя залежнымі. Свой погляд на гэтую калізію выклаў Ежы Памяноўскі, выканаўчы дырэктар арганізацыі “Еўрапейскага Фонда за дэмакратыю”. Ён распавёў, што ў Польшчы вельмі шмат прыватных шпіталяў і гэта вельмі прыбытковы бізнес. “Але як зрабіць прыватныя шпіталі прыбытковымі? Запрасіць прафесійных кваліфікаваных лекараў. Ніхто не дазволіць “чалавеку з вуліцы” рабіць аперацыю. Такі ж правілы і ў медыябізнесе”, – сказаў Ежы Памяноўскі.
Праўда
Што ёсць праўда? Прайшлі стагоддзі з таго часу, як філосафы ўпершыню задалі сабе гэтае пытанне. Не ўсе пагаджаюцца з адназначнасцю адказу на гэтае пытанне. Але ўсе згодныя, што праўда – гэта сіла. І перамога. Паводле Таццяны Рэпковай, праўда ў журналісцкай дзейнасці – гэта моцная адданасць фактам. Расійскія медыі ўплываюць на рускамоўную аўдыторыю, ціснучы на эмоцыі. Што з гэтым рабіць? Абвяшчаць факты і каардынаваць высілкі.
Лакальныя СМІ
(Тут выдалены фрагмент з цытатай, якую аўтар матэрыялу памылкова прыпісала Таццяне Рэпковай. Асноўныя тэзісы прамовы спн. Рэпковай на форуме ў Рызе можна знайсці ТУТ. Відэа прамовы знаходзіцца ТУТ).
Спрачацца з прапагандай і выкарыстоўваць дзеля гэтага рускую мову – яшчэ адна “слізкая сцежка” для медыяў у краінах Усходняга Партнёрства. На думку экспертаў, лакальныя медыі могуць супрацьстаяць прапагандзе, выкарыстоўваючы нацыянальныя мовы і свой аўтарытэт у мясцовых супольнасцях.
Увогуле, канкурэнтаздольнасць СМІ, якія гаворыць на “маленькіх” мовах, значна ўзрастае. Гэта ў сваім выступе падкрэсліла і міністр культуры Латвіі Дацэ Мелбардэ. Паводле яе, роля масцовых медыяў павінна быць перагледжаная ў бок надання ім большай увагі.
Давер да СМІ
На думку Аксаны Раманюк з Украіны, давер да медыяў ва Украіне значна падрывае той факт, што СМІ з’яўляюцца ўласнасцю алігархаў. Спн. Раманюк падтрымала тэзіс пра ўзрастаючую ролю мясцовых медыяў, а таксама паведаміла, што ва Украіне зараз, як ніколі раней, карыстаюцца папулярнасцю т. зв. non-profit журналісцкія праекты, як напрыклад рэсурс www.stopfake.org, які мае на мэце выяўленне і выкрыццё непраўдзівай інфармацыі ў эфіры. Аўдыторыя давярае праектам, якія не ставяць перад сабой камерцыйных мэтаў, а працуюць дзеля грамадскай карысці. На думку Аксаны Раманюк, даверам таксама будзе карыстацца вяшчанне, арганізаванае згодна з прынцыпамі грамадскага СМІ, і ўвогуле любое СМІ з празрыстай структурай уласнасці. У цэлым, на думку эксперта, павышэнню даверу да СМІ будзе спрыяць зніжэнне залежнасці медыяў ад іх уладальнікаў.
Медыйная граматнасць
Аўдыторыя, у якой няма “прышчэпкі” ад прапаганды і непрафесійнай працы СМІ, з’яўляецца слабой, дэзарыентаванай і лёгка паддаецца маніпуляцыям. Што можа стаць такой “прышчэпкай”? Медыйная граматнасць. Ужо зараз у школах і іншых навучальных установах некаторых краін Еўрапейскага Саюза і Усходняга Партнёрства ўводзяцца адукацыйныя курсы па медыяграматнасці. Сэнс гэтага навучання – перадаць патэнцыйнай аўдыторыі правільнае ўяўленне пра ролю СМІ ў грамадстве з дэмакратычнымі каштоўнасцямі, распавесці пра асноўныя прынцыпы і правілы журналісцкай працы. Мяркуецца, што гэтыя простыя, але істотныя веды зробяць грамадства больш абароненым і рацыянальным. На думку ўдзельнікаў медыяканферэнцыі, менавіта адукацыя можа пазбавіць прапаганду джала і знізіць эмацыйны градус у ўспрыманні медыяпрадуктаў.
Беларусь
Жанна Літвіна, якая кіравала ГА “БАЖ” з 1995 па 2015 гады, у сваім выступе ў Рызе акрэсліла складаныя ўмовы працы беларускіх журналістаў. Гэта пераслед і ціск праз судовыя рашэнні і штрафы за прафесійную дзейнасць, праблемы з акрэдытацыяй, адсутнасць у аўдыторыі крытычнага стаўлення да расійскіх СМІ, якія вельмі актыўна дзейнічаюць у беларускім эфіры.
“Я быў у Беларусі ў 2002 годзе. Нашыя беларускія калегі дагэтуль церпяць. Станаўленне незалежных СМІ – гэта доўгі працэс”, – дадаў пасля выступу Жанны Літвіной прэзідэнт кіруючага камітэта Еўрапейскай Федэрацыі Журналістаў (EFJ) Могенс Бліхэр Б’ерэгард.
Фота nn.by
Не змаўчаў і прадстаўнік Міністэрства інфармацыі РБ Юрый Бябешка. У адказ на выступ Літвіной ён заявіў, што “заканадаўста РБ ў галіне СМІ развіваецца згодна нацыянальным асаблівасцям”. У зале гэтая заява выклікала хвалю абурэння – дэлегаты ўпершыню пачулі пра “нацыянальныя асаблівасці” свабоды слова. “Каб зрабіць медыяпрастору сапраўды вольнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам, грамадскія арганізацыі Арменіі прапанавалі ўвогуле скасаваць Міністэрства інфармацыі, што і было зроблена”, – выступіў з рэплікай у адказ прадстаўнік армянскай дэлегацыі.
Першая медыяканферэнцыя ў Рызе адбылася напярэдадні саміту Усходняга Партнёрства, закліканага акрэсліць будучыню праграмы ў новых геапалітычных умовах. У цэлым праграма суседства Еўрапейскага Саюза “Усходняе Партнёрства” мае на мэце падтрыманне дэмакратыі, эканамічнай інтэграцыі, падвышэнне ўзроўню энергетычнай бяспекі і спрашчэнне візавага рэжыму з ЕС у краінах-ўдзельніцах. Зараз краіны-удзельніцы “Усходняга Партнёрства” – гэта Украіна, Малдова, Грузія, Азербайджан, Арменія і, у абмежаваным фармаце, – Беларусь. Праграма распачалася 6 гадоў таму, на Пражскім саміце 7 мая 2009 года, калі прынялі асноўную дэкларацыю.
Усходняе Партнёрства аб’ядноўвае вельмі розныя краіны. Знайсці агульны падыход, які падышоў бы ўсім, немагчыма. Відавочна, што пры фінансаванні праграмы ЕС перадусім клапоціцца пра свае інтарэсы. Краіны-ўдзельніцы – гэта блізкія суседзі Еўрасаюза, сітуацыя ўнутры якіх моцна ўплывае на ЕС. Аднак з часам усё больш выяўляецца неабходнасць дыферэнцыяванага падыходу і неабходнасць будаваць стасункі не ў фармаце “Брусэль – краіны Усходняга Партнёрства”, а ў фармаце “Брусэль-Кіеў”, “Брусэль – Мінск”, “Брусэль-Тбілісі” і г. д. Гэта складана і працаёмка, але неабходна. Кожная краіна выбірае сваю геапалітычную ролю, спраўляецца (ці не) з унутрыпалітычнымі выклікамі.
Што застаецца агульным у краінах Усходняга Партнёрства? Уплыў Расіі і інструмент гэтага уплыву – руская мова, якую па-ранейшаму разумеюць і якой карыстаюцца ва Усходняй Еўропе. Аказалася, што гэта самае слабое месца – рэгіён і людзі, якія тут жывуць, апынуліся вельмі ўразлівымі, бо мова стала інструментам у палітыцы.
На думку ўдзельнікаў першай медыяканферэнцыі ў Рызе, у будучым лакальныя СМІ на нацыянальных мовах будуць падвышаць свой аўтарытэт у аўдыторыі. Хоць, як адзначыў Ежы Памяноўскі, , выканаўчы дырэктар арганізацыі “Еўрапейскага Фонда за дэмакратыю”. Трэба памятаць, што і “руская мова не належыць расійскім СМІ. Яна належыць тым, хто яе любіць і на ёй размаўляе. Не трэба пра гэта забывацца”, – сказаў сп. Памяноўскі.
Што адказаць Крамлю?
На медыяканферэнцыі было прадстаўлена даследаванне рускамоўных медыяў у краінах Усходняга Партнёрства і за яго межамі, праведзенае “Еўрапейскім фондам за дэмакратыю”. Паводле даследавання, тэлебачанне застаецца дамінуючым рэсурсам для атрымання навінаў і інфармацыі рускамоўнай аўдыторыяй у краінах Усходняга Партнёрства, а таксама ў краінах Балтыі, Цэнтральнай Азіі і самой Расіі. Аўтары даследавання зрабілі свае высновы і прапанавалі адказы на выяўленыя праблемы. З высновамі экспертаў Фонда, а таксама з рэкамендацыямі на тэму, як аспрэчыць дамінаванне Крамля ў рускамоўнай медыйнай прасторы, можна азнаёміцца сайце Фонда. У даследчыцкай і аналітычнай працы бралі актыўны ўдзел і беларускія даследчыкі і эксперты.
Фота azertag.az