Як пісаць пра эканоміку проста (ДА 19 МАЯ)
Адукацыйны курс: Мінск-Вільня, 23.05 — 11.07.2015
Эканамічныя паняцці і працэсы ўсё часцей робяцца істотнымі складнікамі інфармацыйнага поля ў Беларусі.
Як не патануць у акіяне лічбаў, не памыліцца ў эканамічных тэрмінах і на падставе голай статыстыкі напісаць цікавы і зразумелы чытачу тэкст? Як ператварыць рэспубліканскі бюджэт у крыніцу інфармацыі, а ў эканамічных справаздачах прадпрыемстваў адшукаць навіну? Як змяняецца бізнес Беларусі і як бізнесоўцы камунікуюць з уладамі і паміж сабой?
Паспрабуем разам разабрацца ў гэтых пытаннях падчас курсу “Як пісаць пра эканоміку проста” з дапамогай сапраўдных прафесіяналаў.
Падчас занятку ўдзельнікі даведаюцца:
— што стаіць за эканамічнымі тэрмінамі і лічбамі;
— дзе і як знайсці інфармацыю, каб стаць “сведкам” эканамічнай падзеі;
—як не памыліцца ў прагнозах і адрозніць экспертнае меркаванне ад выказванняў дылетанта;
— якую ролю надаць экспертам у матэрыялах пра бізнес і эканоміку;
—як пашырыць эканамічную навіну да ўзроўню рэпартажу;
—як ствараць эканамічныя рэйтынгі;
—як пазбегнуць самых распаўсюджаных памылак;
—як не быць уцягнутым у карпаратыўны канфлікт і якая інфармацыя з’яўляецца камерцыйнай таямніцай.
Пасля заканчэння ўдзельнікі будуць умець:
—выбіраць і раскрываць тэму, не ператвараючы свой тэкст у слоўнік эканамічных тэрмінаў;
—шукаць эканамічную інфармацыю, у тым ліку і ў агульнадаступных крыніцах;
—пісьменна карыстацца статыстычнай інфармацыяй;
—пісаць эканамічныя навіны;
—браць каментары ў экспертаў;
— пісаць рэпартажы з выкарыстаннем прапанаваных шаблонаў, якія з’яўляюцца абагульненнем практыкі работы сусветных эканамічных СМІ.
Мы будзем пісаць свае матэрыялы і аналізаваць чужыя, каб пазбегнуць памылак (якіх, на жаль, нямала ў эканамічных матэрыялах), а таксама абмяркоўваць праблемы, пра якія вы даўно хацелі напісаць, але не ведалі – ЯК.
Да ўдзелу запрашаюцца: Журналісты з досведам працы, выпускнікі факультэтаў журналістыкі альбо школ маладога журналіста, а таксама студэнты з Мінска і рэгіёнаў.
Удзельнікаў чакаюць восем майстар-класаў ад уласных карэспандэнтаў міжнародных агенцтваў навін, а таксама вядомых беларускіх журналістаў.
Лепшыя з навучэнцаў па выніках курсу атрымаюць магчымасць удзелу ў семінары за мяжой у верасні 2015 года.
Апісанне курсу:
Курс «Як пісаць пра эканоміку проста» распачнецца 23 мая і скончыцца 11 ліпеня.
Складаецца з васьмі заняткаў у Мінску і майстар-класу замежнага трэнера ў Вільні, які пройдзе ў верасні.
Заняткі будуць праводзіцца па суботах з 15.00 да 18.00.
УДЗЕЛЬНІКІ:
Заяўкі на ўдзел прымаюцца ад сябраў ГА «БАЖ» па электроннай пошце на адрас: baj@baj.by (з пазнакай «Economy») ДА 19 МАЯ.
Ваша заяўка павінна ўтрымліваць:
1. Кароткі расповед пра сябе.
2. Абгрунтаванне свайго жадання ўдзельнічаць у курсе.