Пішаш супраць шэрсці начальству? Зараз цябе “нармалізуем”!


Ну якая тут чацвёртая ўлада, кіньце дурное! Кіраўнік Беларусі зноў паказаў, што любое СМІ, любога ўласніка рэсурсу ці рэдактара ў нас могуць раструшчыць як кузурку.

Паказальны быў у гэтым плане спантанны наезд на заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера, калі Аляксандр Лукашэнка прэзентаваў 29 красавіка ў Авальнай зале Дома ўрада штогадовае пасланне.

Атака на Зісера? Не, на свабоду выказвання

Кіраўнік дзяржавы, не ўпадабаўшы нейкую публікацыю партала на тэму, як яго называюць, дэкрэта аб дармаедах, заявіў, што Зісер “непрыстойна сябе паводзіць часам”.

Яшчэ болей, Лукашэнка папракнуў кіраўніка Міншчыны Сямёна Шапіру: “Я вас прасіў год таму ўзяць усіх яўрэяў пад кантроль у Беларусі. І нават Павел Ізотавіч (гаворка пра Якубовіча, галоўнага рэдактара прэзідэнцкай газеты “СБ. Беларусь сегодня”. — А.К.не абураўся. Зісер ніяк не можа. Ніяк ты не можаш нармалізаваць гэтага чалавека”.

Вынесем за дужкі тэму пятай графы (адзначыўшы, што “гумар” быў ніжэйшы за плінтус).

Па сутнасці ж, калі без шалупіння, мы бачым банальную атаку на свабоду выказвання. Не прагучала ж, што Tut.by нешта сказіў, схлусіў. Проста аказалася, што такія публікацыі высокаму начальству не пад нос. І таму чалавека, які вызначае палітыку адпаведнага СМІ, неабходна тэрмінова “нармалізаваць”. Каб не вытыркаўся, карацей кажучы.

Непрыемна здзівіў на гэтым тле ход рэдакцыі nn.by, якая чамусьці вырашыла ўзняць на шчыт, аформіць асобнай публікацыяй — з рэтрансляцыяй ноткі злараднасці — выказванні троляў з нагоды гэтага начальніцкага наезду на Зісера. Карацей, дадалі поўхаў калегу (ці канкурэнту?).

Дзяржаўную прэсу чакае кровапусканне?

Зісер не адзіны патрапіў пад раздачу ў Авальнай зале. Давялося хуценька зашпільваць пінжак ды выцягвацца па стойцы смірна і таму ж Якубовічу. Хоць у рэшце рэшт прэзідэнт пашкадаваў рэдактара-ветэрана (“Вы за сэрца так адразу не хапайцеся”) і зазначыў, што прэтэнзіі выказваюцца не персанальна, а “ўвогуле”.

Агульнае ж рэзюмэ аказалася жорсткім: маўляў, некаторыя кіроўныя кадры ў СМІ, хоць яны і набліжаныя да прэзідэнта, заседзеліся, працаваць не хочуць.

“Яшчэ больш, я атрымліваю і болей сумныя факты, звязаныя з дзейнасцю кіраўніцтва асобных сродкаў масавай інфармацыі”, — пагрозліва намякнуў Лукашэнка, магчыма, на нейкія злоўжыванні.

Карацей, не выключана, што вярхоўку дзяржаўнай прэсы чакае чыстка. Такія кадравыя кровапусканні практыкаваліся і раней, аднак наступныя кіраўнікі (пры тым што нейкія навацыі ўкараніць спрабавалі, пераважна на ТБ) ніякай рэвалюцыі не зрабілі. Дзяржаўныя медыі па вялікім рахунку застаюцца казённа-сумнымі, аднабокімі, мікшуюць ці замоўчваюць нявыгадныя для ўлады тэмы.

Што не дзіва: падпарадкаваныя вертыкалі выданні заўсёды будуць сервільнымі. Анахранічная сама дзяржаўная манаполія на СМІ. А ёй ахвяраваць Лукашэнка відавочна не стане.

Як не наважыцца і па-сапраўднаму супрацьстаяць расійскай прапагандзе, найперш тэлевізійнай. Ён згадаў у пасланні пра задачу абароны інфармацыйнай прасторы, але ж надта туманна. Што і не дзіўна: іначай Масква можа раззлавацца.

Так што гэта тэма і надалей застанецца пераважна на ўзроўні розных там круглых сталоў несістэмных маргіналаў.

Будзьма салідарнымі!

Што ж тычыцца недзяржаўных СМІ, то патрэбы ў жорсткіх зачыстках дзяржава пакуль што, бадай, не мае.

Зрэшты, каб не сурочыць: у лістападзе зноў прэзідэнцкія выбары, а падчас такіх татальных спецаперацый па захаванні статус-кво, як паказвае досвед, улады з журналюгамі і цэлымі медыйнымі брэндамі не цырымоняцца. Тым болей што нядаўнія змены ў закон аб СМІ дазваляюць блакаваць інтэрнэт-рэсурсы адным махам, без розных там гнілых судовых цырымоній.

Ну а пакуль што збольшага, бадай, дастаткова паказальных лупцовак, як цяпер вось у выпадку з Зісерам. Пэўна ж не адзін рэдактар пачухаў рэпу ды вырашыў пісаць на вострыя тэмы болей абачліва.

Самацэнзура — адметная рыса беларускай рэчаіснасці з яе вязкім, балотным аўтарытарызмам, які не хача выглядаць крывавым, але спрытна бярэ за гарляк.

Пры канцы ж гэтых невясёлых нататак хачу завастрыць увагу вось на чым: не трэба паціраць рукі, што сёння наехалі на Зісера (у яго, гаспадара паспяховага праекта, багата нядобразычліўцаў).

Заўтра гэтак сама могуць наехаць на любога з нашага медыйнага цэха. Павыскаляюцца, дадуць зразумець, што здольныя раздушыць як кузурку. Але мо і пашкадуюць. Калі “нармалізуешся”.

Каб захаваць сваё разуменне нармальнасці, прафесійную годнасць, нам у такіх выпадках варта быць абсалютна салідарнымі.