Шорт-ліст фіналістаў “Вольнага слова” апублікуюць 3 мая


Імёны пераможцаў конкурсу назавуць на цырымоніі ўзнагароджання 7 мая.

Так вырашыла журы “Вольнага слова” ў часе нарады 28 красавіка.

Паколькі Сусветны дзень свабоды прэсы (3 мая) сёлета прыпадае на нядзелю, журы вырашыла ў гэты дзень толькі апублікаваць на сайце baj.by шорт-ліст фіналістаў – па 5 прозвішчаў у кожнай намінацыі.

А ўрачыстая цырымонія, на якой абвесцяць пераможцаў,  адбудзецца 7 мая. Час і месца паведамяць пазней.  

Сёлета ў конкурсе ўдзельнічала каля 200 матэрыялаў ад 65 журналістаў. Больш за траціну з іх – з рэгіёнаў.

Традыцыйна ў конкурсе 5 намінацый: “Найлепшы інфармацыйны матэрыял”, “Найлепшая аналітычная публікацыя”, “Найлепшая публікацыя мастацка-публіцыстычнага жанру”, “Журналісцкае расследаванне”, “Дэбют”.

На “інфармацыйныя жанры” паступіла рэкордная колькасць заявак – каля 70 тэкстаў. Журы адзначае надзвычай высокі ўзровень журналісцкіх расследаванняў. Шмат матэрыялаў было на “ўкраінскую” тэму. Багата пісалі калегі пра жыццё беларускай вёскі – не выключана, што з прычыны нізкай палітычнай актыўнасці ў краіне, мяркуе журы.