У Варшаве абвясцілі пераможцаў конкурсу «Belarus in Focus 2014»

naviny.by

У Варшаве 15 красавіка адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў чацвёртага штогадовага конкурсу для журналістаў «Belarus in Focus 2014», паведамляе БелаПАН.

У гэтым годзе ўдзел у конкурсе прымалі 40 аўтараў з 14 краін, якія даслалі 51 працу. Усё гэта – матэрыялы пра Беларусь, апублікаваныя ў замежных СМІ.

Пераможцамі ў намінацыі «Прафесійныя журналісты» сталі Сайман Бук (Германія) за артыкул у «Handelsblatt» «Прывабныя прапановы Лукашэнкі», Малгажата Лазоўская (Расія) за артыкул у «openDemocracy» «Калі вы хочаце стаць мільянерам – прыязджайце ў Беларусь» і Паўль Флюкігер (Швейцарыя) за артыкул у «Neue Zurcher Zeitung» «Рэпрэсіі перад чэмпіянатам свету па хакеі ў Беларусі».

У катэгорыі «Маладыя журналісты» пераможцамі названы Жаау дэ Алмейда Дыяш (Партугалія) за артыкул у «Observador» «Супраціўляючыся, яны не чакаюць сюрпрызаў», Паўла Бароўска (Польшча) за артыкул у «Belarus Digest» «Нефармальная адукацыя ў Беларусі: рэалізацыя патэнцыялу грамадзянскай супольнасці» і Эва Каранада Алонса (Іспанія) за артыкул у «Achtung magazine» «Беларуская мова хоча заняць сваё месца».

Пераможцы ў катэгорыі «Прафесійныя журналісты» атрымалі грашовыя прызы ў памеры 500 еўра, у катэгорыі «Маладыя журналісты» – 300 еўра.

Спецыяльным прызам журы за артыкул «Чэмпіянат ў дзіўным доме» («New Eastern Europe») адзначаны беларускі журналіст Яўген Карпаў. У якасці ўзнагароды ён пройдзе тыднёвую стажыроўку ў брытанскай газеце «The Guardian».

Арганізатарам конкурсу з'яўляецца Інфармацыйнае бюро «Belarus in Focus» пры партнёрстве з «Press Club Belarus» і «Press Club Polska» – сябрамі Міжнароднай асацыяцыі прэс-клубаў (IACP).

У журы конкурсу ў гэтым годзе ўваходзілі Майкл Андэрсан (Данія), Браян Бонэр (ЗША), Джудзі Гінзбург (Вялікабрытанія), Таміна Катчэр (Германія), Павел Шарамет (Беларусь).