У Беларусі з'явіўся першы візуальны часопіс
У Байнэце з'явіўся Infographer.by - першы візуальны часопіс пра Беларусь, усе матэрыялы якога прадстаўлены ў фармаце статычнай і інтэрактыўнай інфаграфікі.
“Найбуйнейшыя сусветныя СМІ мінімізуюць аб'ём тэкставага матэрыялу і ўсё больш робяць акцэнт на візуальных аб'ектах. Гэта не дрэнна і не добра – гэта трэнд, у прыватнасці, звязаны з развіццём інтэрнэту. Большасць беларускіх СМІ працягваюць ствараць вялізныя матэрыялы, якія, на жаль, не жадае і не мае часу чытаць пераважная частка аўдыторыі. Таму з'яўлення падобнага рэсурсу, які прадастаўляе інфармацыю ў наглядным і лаканічным фармаце, наспела даўно”, – гаворыцца ў прэс-рэлізе, распаўсюджаным “Infographer” 14 красавіка.
«Мы разумеем, што фармат інфаграфікі мае свае абмежаванні, таму некаторыя матэрыялы мы плануем суправаджаць падборкай спасылак на чужыя (тэкставыя) матэрыялы для тых, каго зацікавіла тая ці іншая тэма», – заяўляюць стваральнікі часопіса.
“Infographer” разлічаны на тых, хто хоча хутка атрымаць наглядную і структураваную інфармацыю. Акрамя таго, часопіс можа быць цікавы прадстаўнікам СМІ, якія хацелі б суправадзіць уласны матэрыял нейкім візуальным дадаткам.