«Унутранае ўказанне» міліцыі ў дзеянні: фатографам забаранялі здымаць акцыю памяці Барыса Нямцова
1 сакавіка каля пасольства Расіі ахоўнікі будынка забаранялі журналістам рабіць фотаздымкі.
Пра перашкоды фатографам у працы паведаміла «Комсомольская правда» в Беларуси».
У гэты дзень да амбасады людзі неслі кветкі і свечкі на знак памяці пра забітага расійскага палітыка Барыса Нямцова.
“Каля трох гадзін дня выйшаў ахоўнік і спачатку сказаў, што нельга фатаграфаваць будынак пасольства. Потым выйшаў другі ахоўнік, які забараніў любыя здымкі. У некаторых журналістаў перапісалі дадзеныя з пасведчанняў”, – распавёў фатограф “КП” Віктар Гіліцкі.
Нагадаем, што з аналагічнай праблемай сутыкнуўся 26 лютага журналіст гэтага ж выдання Дзмітрый Ласько. Супрацоўнік “Комсомольская правда" в Беларуси” збіраўся сфатаграфаваць новую падсветку будынку прэзідыума Акадэміі навук на праспекце Незалежнасці ў Мінску, але быў затрыманы спачатку ахоўнікам будынку, а затым міліцэйскім нарадам. У выніку Д. Ласько правёў каля чатырох гадзін у Першамайскім РУУС, дзе ў яго правяралі дакументы, праглядалі ўсе здымкі і складалі пратакол апытання.
«Комсомольская правда» высветліла, што новы стыль паводзінаў міліцыянтаў з фатографамі тлумачыцца “ўказаннем” намесніка міністра ўнутраных спраў, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Мікалая Мельчанкі. Прадпісанне, якое забараняе фатаграфаванне адміністрацыйных будынкаў, нібыта выйшла 25 лютага. Атрымаць копію дакумента журналістам пакуль не ўдалося, бо ён лічыцца “ўнутраным”.
На гэтую ж тэму: