Хрысціянскія журналісты адзначылі сваю першую гадавіну

Krynica.info

Грамадзянская ініцыятыва Супольнасць хрысціянскіх журналістаў і блогераў 25 лютага адзначыла сваю першую гадавіну пашыраным паседжаннем. Падчас яго каардынатары супольнасці распавялі пра вынікі дзейнасці за год і планы на бліжэйшую будучыню.

Так, было адзначана правядзенне сябрамі супольнасці журналісцкага конкурсу “Жыццё пад сэрцам”, адукацыйных сустрэч для журналістаў, блогераў і супрацоўнікаў царкоўных выданняў ў Мінску і буйных гарадах, стварэнне суполкі ў Facebook “Евангельскія хрысціяне Беларусі”, і, перадусім, стварэнне хрысціянскага інфармацыйнага парталу КРЫНІЦА.INFO. Таксама былі акрэсленыя планы далейшай дзейнасці супольнасці і развіцця парталу.

Некаторыя з удзельнікаў сустрэчы, якія раней не ўдзельнічалі ў сустрэчах супольнасці, адзначылі, што з’яўленне хрысціянскага міжканфесійнага парталу стала сапраўдным прарывам для Беларусі.

Акрамя таго, падчас паседжання яго ўдзельнікі, якія з’яўляюцца сябрамі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, абралі дэлегата на з’езд БАЖ, што адбудзецца ў красавіку. Ім стаў каардынатар супольнасці Максім Гацак.

Перад заканчэннем хрысціянскія журналісты далучыліся да міжканфесійнай грамадскай кампаніі “Народная Біблія”, мэта якой заключаецца ў тым, каб да 500-годдзя першай друкаванай беларускай Бібліі, якое будзе святкавацца ў 2017 годзе, стварыць рукапісную Біблію, да перапісу якой маюць далучыцца больш за 1000 беларусаў.