Журналіст-сацыяльшчык: не шкадуй герояў, не бойся плакаць і вытрымлівай час


Сваім досведам з беларускімі журналістамі дзялілася вядомая шведская радыё- і тэлежурналістка, а таксама выкладчыца Ніна Ельмгрэн.

Вядомая журналістка і рэпарцёр Нацыянальнага грамадскага радыё Швецыі, а таксама Шведскага тэлебачання Ніна Ельмгрэн асвятляла не толькі падзеі ў Швецыі. Яна доўгі час была карэспандэнтам па ЗША, пісала рэпартажы з ваеннага Афганістана, пра які выдала некалькі кніг. Даносіла навіны з Пакістана, Казахстана, Таджыкістана. Цяпер яна трэнер, лектар і выкладчык у шведскім інстытуце журналістыкі FOJO.

Спадарыня Ніна прыехала ў Мінск на сустрэчу са студэнтамі Інстытута журналістыкі БДУ. Мы скарысталіся магчымасцю пагутарыць з госцяй і сабраць асноўныя “правілы жыцця” журналісткі-сацыяльшчыцы ў адным матэрыяле.

Правіла 1. Будзе мала фактаў – мозг прыдумае памылковыя версіі

У часе лекцый спадарыня Ельмгрэн паказве студэнтам фрагменты відэа без загалоўкаў, прапануючы здагадацца, што за гісторыя хаваецца за гэтымі кадрамі. Як правіла, здагадкі аказваюцца памылковымі.    

– Калі ў вас недастаткова фактаў, ваш мозг пачынае рэканструяваць рэальнасць, зыходзячы з вашага жыццёвага досведу, – кажа Ніна. – Таму важна  пастаянна пытацца ў сябе: а што я бачу, што гэта адбываецца, што папярэднічала гэтаму, чаму і як гэта адбылося? Задавайце сабе дзесяткі пытанняў, сумнявайцеся, будзьце крытычнымі да ўсяго – толькі тады дакапаецеся да ісціны. Спраўджвайце факты ў розных крыніц, пагаварыце з большай колькасцю людзей, чым запланавалі. Акрамя таго, важна вывучыць кантэкст і перадумовы, якія прывялі да гэтай сітуацыі. Пастаянна задавайцеся пытаннем: “Чаму?”

Правіла 2.  Для добрага сацыяльнага рэпартажу важна “панюхаць” чалавека

– Харошы сацыяльны рэпартаж – гэта органы пачуццяў, задзейнічаныя на 100 адсоткаў. Гэтага не дасць ні скайп, ні вайбер, – перакананая Ніна. – Сустрэча –найлепшы варыянт. Вы не проста бачыце, чуеце, адчуваеце, а што называецца, “нюхаеце” чалавека. Вядома, калі нешта  важнае здараецца, мы публікуем хуткую навіну, інфармацыю пра якую можна здабыць па тэлефоне. Потым – больш разгорнутае паведамленне. А пасля, калі ёсць патрэба, адпраўляемся на сацыяльны рэпартаж. Пры гэтым я лічу, што ўдзельнікам нейкага здарэння ці катастрофы нельга тэлефанаваць у першыя ж гадзіны. Трэба пачакаць, каб чалавек аправіўся ад шоку і мог цвяроза ацаніць сітуацыю.

Трэнер адзначае, што немалаважным фактарам для добрага сацыяльнага рэпартажу з’яўляецца час на ўсталяванне даверлівых стасункаў.  Да прыкладу, Ніне спатрэбілася паўгады, каб выйсці на кантакт з асуджаным злачынцам.

– Я пабывала ў яго турме тройчы, пісала яму лісты паміж сустрэчамі, перш чым ён пагадзіўся са мной паразмаўляць, – расказвае спадарыня Ніна. – З моманту першай сустрэчы да таго, як ён пагадзіўся са мной паразмаўляць, прайшло шэсць месяцаў.

Правіла 3. Прызнайцеся сабе, што вы баіцеся наркаманаў ці вам непрыемныя гомасэксуалісты

– Калі я ў страху, у мяне сціскаецца ўсё ўнутры. Я пачынаю бачыць толькі свае ногі, – кажа Ніна. – Важна прызнацца ў гэтым сваім страху. Для мяне гэта знак: калі я пачынаю бачыць свае ногі, я не магу выконваць сваіх прафесійных абавязкаў. Лепей адмовіцца, чым у такім стане рабіць інтэрв’ю.

Калі рэдактар усё ж патрабуе, тады можна прызнацца, што вам страшна. Патрабуйце, каб вам адправіцца не адным, а з кімсьці яшчэ, – раіць Ніна. – Таксама важна прызнацца сабе, што ў вас ёсць нейкія стэрэатыпы адносна тых ці іншых сацыяльных груп. Напрыклад, гомасэксуалістаў. Варта ўбачыць гэтыя свае забабоны і пастарацца іх пераадолець. Для журналіста неверагодна важна быць адкрытым.

Правіла 4. Стаўцеся да бамжа з эмпатыяй, але без жалю

– Праяўляць эмпатыю да сваіх герояў – абавязкова. Аднак суперажыванне не азначае жалю, – лічыць Ніна. – Мы правялі эксперымент з нашымі студэнтамі, якія навучаюцца журналістыцы ў FOJO. Двум групам было прапанавана зладзіць інтэрв’ю з беспрытульнымі. Першая група задавала пытанні ў такой танальнасці: “Ой, вы, бедныя, няшчасныя, як жа ж вам цяжка, як вы пакутуеце. Раскажыце пра сябе...” Ад другой групы мы патрабавалі задаваць ім пытанні, як любым іншым людзям: “Што вы зразумелі падчас таго, як сталі жыць тут? Чаму навучыліся?”

Вынікі эксперыменту аказаліся вельмі цікавымі: у першым выпадку беспрытульныя скардзілся на лёс, паўставалі слабымі, маленькімі і ні да чаго не здатнымі людзьмі. У другім жа выпадку і журналісты, і героі паглядзелі на сітуацыю з іншага боку. Перад чытачамі паўсталі звычайныя людзі са сваім няпростым жыццёвым досведам, у якіх можна навучыцца пераадольваць складаныя сітуацыі.

Правіла 5. Калі адчуваеце пагарду да сябе, проста скажыце пра гэта суразмоўцу

А што рабіць, калі чалавек, што пагадзіўся на інтэрв’ю, паставіцца з пагардай да маладога і нявопытнага журналіста?

– Варта шчыра ў гэтым яму прызнацца, – перакананая Ніна. – Сказаць: “Ведаеце, у нас з вамі нешта нічога не атрымліваецца. Мо, з-за таго, што я – маладая дзяўчына, і вы лічыце мяне не такой вопытнай, як вам бы хацелася?” Калі пасля гэтага размова не наладжваецца, то не трэба і марнаваць на яе часу. Мы, журналісты, робім усё, каб знайсці адказ на пытанне: “Што адбываецца?”. І мы ледзьве не адзіныя, хто штодня здае справаздачу грамадскасці пра сваю працу. Таму мы вартыя павагі.

Правіла 6. Не абавязкова пісаць, як забойца перакруціў сэрца на мясарубку

Традыцыі шведскай журналістыкі – адныя з самых даўніх у Еўропе. СМІ рэгулююць самі сябе згодна з этычнымі кодэксамі, ёсць таксама і амбудсмены. Таму, нягледзячы на большую свабоду слова ў параўнанні з Беларуссю, тут не будуць пісаць не толькі імя дэрэктара школы, затрыманага за педафілію, але нават горада і назвы дысцыпліны, якую гэты чалавек выкладаў.

– Да рашэння суда мы не пішам імёнаў тых людзей, якіх толькі-толькі затрымалі, – кажа Ніна. – Выключэнне складаюць публічныя асобы. Да прыкладу, кароль. У іншых выпадках мы абараняем сям’ю і блізкіх затрыманага. Нам важна, ШТО адбылося, а не З КІМ. У Брытаніі і ЗША такога, да прыкладу, няма. Там публікуюць і фатаграфіі, і імёны людзей, якіх затрымалі.

Таксама, па прызнанні Ніны, шведскія журналісты не будуць паведамляць усе падрабязнасці справы з жорсткім забойствам. Напрыклад, звесткі з няхай сабе і адкрытага судовага пасяджэння па справе аб забойстве Юліі Саламацінай, цела якой забойца перакруціў на мясарубку.

– Вы проста падумайце: калі б гэта была ваша сястра, ці  хацелі б, каб пра яе забойства ў дэталях пісалі ўсе СМІ? – лічыць Ніна. – Для чаго такія падрабязнасці? Ці ёсць у гэтым журналістыка?

Правіла 7. Журналісту патрэбна выгаварыцца, а не сядзець і піць гарэлку

– Журналісты даволі часта трапляюць у складаныя і нават крызісныя сітуацыі. І нам патрэбна псіхалагічная дапамога, – кажа шведскі трэнер. – Раней у Швецыі  паліцыя, дактары і пажарныя праводзілі дэбрыфінгі пасля працы. Яны абмяркоўвалі разам з калегамі тое, што перажылі, таму што ўсім цяжка бачыць параненых, памерлых і іншых ахвяр. І пра гэта трэба кожны раз гаварыць.

Аналагічныя рэчы патрэбныя і журналісту, – перакананая Ніна. – Яму патрэбна выгаварыцца, а не сядзець і піць гарэлку. У Швецыі было тыповым для ваенных карэспандэнтаў піць пасля працы. Але цяперашняе пакаленне разумее, што патрэбны псіхолаг альбо куратар, які дапаможа псіхалагічна справіцца з гэтай сітуацыяй, якому можна выгаварыцца альбо нават выплакацца. Я досыць часта плачу пасля рэпартажу. Але толькі пасля таго, як праца зробленая.

 

Кароткі канспект ад Ніны Ельмгрэн:

Чым сацыяльная журналістыка адрозніваецца ад звычайнай?

- Мы сустракаемся з прадстаўнікамі неабароненых слаёў насельніцтва.

- Мы працуем з "адчувальнымі" тэмамі.

- Мы падвяргаемся эмацыйнаму ўздзеянню.

 

Што патрабуецца ад журналіста?

- Уменне слухаць: журналісты, няздольныя слухаць, робяць дрэнную працу.

- Адкрытасць усяму невядомаму: тыя, хто баіцца, робяць дрэнную працу.

- Свабода ад забабонаў: журналісты з забабонамі робяць дрэнную працу.

- Праяўленне павагі: журналісты, якія не паважаюць сваіх герояў, робяць дрэнную працу.

- Следаванне рамкам паводзінаў і адмова ад маралізатарства: сацыяльна неабароненым людзям часта неабходная дапамога.

- Абарона людзей, якія прадаставілі інфармацыю: сацыяльна неабароненыя людзі часта самі не ўсведамляюць, што іх варта абараніць ад грамадскасці.

 

Пра што варта падумаць?

- Ці змагу я зрабіць гэтую працу без схільнасці да маралізатарства?

- Ці ёсць пэўныя тэмы-табу ў той галіне, якую я даследую? (Да "адчувальных" тэмаў звычыйна належаць: сэкс, узаемадачыненні паміж каханкамі, гомасэксуальнасць, рэлігія, тэмы пра злачынцаў, псіхічна хворых і бежанцаў).

- Ці вядома мне пра маё ўласнае стаўленне да гэтых пытанняў?

- Ці існуюць тэмы-табу?