Журналіста газеты “Новы час” прызналі “Рыцарам года-2014”
Прэмію “Рыцар года: з узнятым забралам” грамадскага руху імя Юрыя Захаранкі “Абаронцы Айчыны” за 2014 год уручылі журналісту газеты “Новы час”, сябру ГА “БАЖ” Змітру Галко. Цырымонія ўзнагароджання адбылася 23 лютага ў Мінску.
Аўтар серыі рэпартажаў і артыкулаў з зоны баявых дзеянняў ва Украіне не змог асабіста прыстунічаць на ўручэнні, бо зноў знаходзіцца там. Замест яго ўзнагароду атрымаў галоўны рэдактар газеты “Новы час” Аляксей Кароль.
Паводле сп-ра Караля, ініцыятыва асвятлення падзей у “гарачых кропках” зыходзіла ад самога журналіста. “Яго допісы – допісы развагі. Там няма агітацыі і прапаганды. Зміцер заслугоўвае не толькі гэтую прэмію, але і прэмію Міру”, – цытуе галоўнага рэдактара “НЧ” spring96.org.
Прэмію “Рыцар года” дзевяць год таму заснаваў грамадскі рух “Абаронцы айчыны”. Узнагарода носіць імя Юрыя Захаранкі – зніклага беларускага палітыка, колішняга міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
У 2008 годзе ўзнагароду таксама прысуджалі журналісту – сябру ГА "БАЖ" Аляксандру Тамковічу.