Фатографа «Нашай Нівы» затрымлівалі ў Мінску


Сяргея Гудзіліна затрымалі ўдзень 20 лютага непадалёк ад плошчы Якуба Коласа людзі ў цывільным, – паведаміў БелаПАН са спасылкай на старшыню зарэгістраванай у Латвіі грамадскай арганізацыі «Альтэрнатыва» Алега Корбана.

Разам з фатографам «Нашай Нівы» затрымалі некалькіх актывістаў згаданай арганізацыі, якія расклейвалі плакаты да Дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага. Усіх затрыманых пасадзілі ў міліцэйскую машыну і павезлі ў РУУС Савецкага раёна.

Праз тры гадзіны Сяргея Гудзіліна адпусцілі без складання пратакола. Журналіст пацвердзіў прэс-службе ГА "БАЖ", што проста асвятляў працэс расклейвання плакатаў. На двух актывістаў склалі пратаколы за непадпарадкаванне міліцыі.


Плакаты да Дня роднай мовы, за якія затрымалі актывістаў. Фота з Facebook А. Корбана.