Журналісты-назіральнікі: Гэта ўсё роўна застаецца тэатрам аднаго актора


Следам за калегамі-удзельнікамі прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі 29 студзеня, прэс-служба ГА «БАЖ» пацікавілася ўражаннямі калег-назіральнікаў: Жанны Літвіной, Паўлюка Быкоўскага, Аляксея Караля.


Фота svaboda.org

Медыяэксперт, палітычны аглядальнік газеты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі прызнаецца, што прэс-канферэнцыя «пакінула ў яго змешаныя ўражанні»:  

– З аднаго боку, у прысутных журналістаў рэальна была магчымасць задаць пытанні, і яны гэта рабілі. А з іншага боку, гэта ўсё роўна застаецца тэатрам аднаго актора, і неяк рэальна спрачацца, удакладняць пытанні, дамагацца змястоўнага адказу ўсё ж не атрымалася. Прэс-канферэнцыя, і асабліва прэс-канфернцыя кіраўніка дзяржавы – гэта заўсёды кіраваная пляцоўка, на якой у журналіста – абмежаваная роля. А ва ўмовах беларускай культуры публічнай дыскусіі і нашага палітычнага ладу аказваецца, што шмат якія рэчы залежаць ад настрою кіраўніка дзяржавы – гатовы ён пра нешта гаварыць ці не.

Але тут Аляксандр Лукашэнка зрабіў некалькі прыемных «авансаў» для журналістаў. Напрыклад, сказаўшы, што не трэба было затрымліваць удзельнікаў пікету каля французскага пасольства. Ці што будуць звальняць міністраў, якія не адказваюць на пытанні журналістаў. Але гэта словы. Гэта не значыць, што нешта рэальна будзе мяняцца.


Фота svaboda.org

Галоўны рэдактар газеты «Новы час» Аляксей Кароль у выказваннях Аляксандра Лукашэнкі «ніякіх істотных крокаў наперад не заўважыў»:

– Па сутнасці, усё адбывалася ў межах даўніх стэрэатыпаў, старых напрацовак,  сфармуляваных гадамі. Я ўбачыў галоўны мэсыдж – ён той жа, што і быў. Гэта ўтрыманне і ўмацаванне той сістэмы, ім жа створанай. Больш за тое – выразна прагучала, што ён не мае права сысці з пасады прэзідэнта, і ніякіх паслабленняў у плане вяртання дэмакратычных выбарчых працэдур не будзе. А тыя «авансы», што заўважылі журналісты, – я думаю, гэта проста вымушаная сітуацыя. Яны неістотныя, і паводле практыкі, якая сёння ўсталявалася, –дваістыя. Так што я не бачу ніякіх істотных «прарываў» у бок дэмакратызацыі. З новага – відавочнае апасенне расійскійх высілкаў па правядзенні то жа палітыкі, што і ў дачыненні да Украіны. Ёсць боязь, але толькі за сябе, за сваю сістэму, за сваю ўладу. Вось у гэтых рамках сітуацыя і будзе ўтрымлівацца.

Старшыня ГА «БАЖ» Жанна Літвіна:  

– Нас учора слухалі, рэагавалі на сказанае. Кіраўнік дзяржавы прадэманстраваў, што пры жаданні ўмее весці дыялог з журналістамі. Каштоўнасць гэтай трансляцыі – у тым, што (спадзяюся) яе слухалі чыноўнікі, ідэалагічныя аддзелы, чальцы Камісіі па правах чалавека Палаты прадстаўнікоў, суддзі, правахоўныя органы. І што гэта астудзіць іх галовы, пахісне стэрэатып, што ва ўсім вінаватыя журналісты, і хоць крыху зменшыць колькасць абсурдных прыцягненняў да суда, затрыманняў.

Яшчэ адно назіранне – на фоне ўчорашняй прэс-канферэнцыі папярэднія сустрэчы з расійскімі журналістамі не вытрымліваюць някай крытыкі. Ліслівасць, імкненне дагадзіць, дэманстрацыя пакорлівасці і прыніжальнага захаплення яшчэ ніводнаму кіраўніку не прыносілі карысці. Практыку такіх пампезных сустрэч з расійскімі журналістамі, думаю, трэба згортваць.

Эйфарыя пройдзе. Але, на жаль, сістэмныя, хранічныя праблемы, звязаныя з недасканаласцю заканадаўства, закрытасцю чыноўнікаў, неразуменнем ролі і месца журналістаў у грамадстве, відаць, застануцца. І таму па-ранейшаму важна разумець, што за нас ніхто нашу працу не зробіць. Трэба трымацца ў сваёй дзейнасці стандартаў і памятаць, што мы працуем дзеля грамадства. Асабліва важна гэта напярэдадні электаральнай кампаніі і ва ўмовах складанай сітуацыі ў суседніх краінах .  

На гэтую ж тэму:

Журналісты-удзельнікі: Прэс-канферэнцыя “якасна адрознівалася ад папярэдніх”

На прэс-канферэнцыі Лукашэнкі рэй вяла старая журналісцкая гвардыя