Як самому стварыць інфаграфіку для артыкула? Майстар-клас (да 17 студзеня)
Майстар-клас Вадзіма Макаранкі па дата-журналістыцы.
Лічыцца, што стварэнне візуалізаванага артыкулу патрабуе шмат часу і рэсурсаў. Але над вядомым брытанскім рэсурсам «Гардыяна» Datablog спачатку працаваў адзін чалавек, а потым, даволі працяглы час, – два... Як на працягу кароткага тэрміну можна апрацаваць дадзеныя і прадставіць іх інтэрактыўна?
«Прэс-клуб Беларусь» і ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» запрашаюць на майстар-клас 31 студзеня ў Мінску.
У межах майстар-класу Вадзім Макаранка пакажа, дзе шукаць дадзеныя і як ператвараць лічбы ў навіны, як выкарыстоўваць пры візуалізацыі дадзеных даступныя інструменты, такія як Info.gram, Datawrapper і ThingLink. Запланаваныя таксама практыкаванні з выкарыстаннем уласных дадзеных журналістаў.
Вядчы майстар-класа – Вадзім Макаранка, эканамічны журналіст «Газеты Выборчай» (Польшча), беларус, які стварыў першы ў Польшчы рэсурс, прысвечаны дадзеным, – biqdata.pl.
Ахвотным узяць удзел у майстар-класе трэба да 17 студзеня запоўніць заяўку. Кандыдаты, якія запоўнілі заяўкі, будуць праінфармаваныя пра вынікі конкурснага адбору не пазней за 20 студзеня.
Для ўдзельнікаў з рэгіёнаў магчымая кампенсацыя выдаткаў на праезд да/з Мінска.
Увага! Для ўдзелу ў майстар-класе трэба будзе мець:
1) ноўтбук,
2) google-акаўнт,
3) акаўнт блога (на любой платформе),
4) дадзеныя, з якімі вы хацелі б працаваць,
5) карцінкі, якія вы хацелі б зрабіць інтэрактыўнымі (таксама трэба мець з сабою простую карту Беларусі з падзелам на вобласці ў фармаце png альбо jpg (памер пажадана не менш 500х500)
У выпадку ўзнікнення пытанняў просім звяртацца па адрасе press-club@press-club.by
Інфармацыйны партнёр – Медыякрытыка.
Даведка «Прэс-клуба Беларусь» :
Вадзім Макаранка нарадзіўся ў Брэсце, скончыў Варшаўскі ўніверсітэт, 16 гадоў працуе ў адным з найважнейшых польскіх выданняў «Газета Выборча». Яго артыкулы прысвечаны СМІ, новым тэхналогіям, рэкламе і кіраванню. Аўтар шматлікіх інтэрв'ю з практыкамі і тэарэтыкамі бізнесу. Аўтар некалькіх кніг: «Тайныя службы капіталізму» (пра тое, як фірмы збіраюць інфармацыю пра спажыўцоў), а таксама «Прафесія: пераможца» (пра лідараў, якія заражаюць сваімі ідэямі супрацоўнікаў і свет). Сярод герояў апошняй кнігі - кіраўнік «Yahoo!» Марыса Мэер, старшыня праўлення HBO Рычард Плеплер, заснавальнік «Яндэкса» Аркадзь Волож, а таксама Тэры Ліхі, які ператварыў лакальную сетку крам «Теscо» ў глабальную карпарацыю.