Яшчэ засталіся вольныя месцы на лекцыю «Дадзеныя ў рэдакцыях: новыя магчымасці і перспектывы»!
«Прэс-клуб Беларусь» запрашае на сустрэчу з Вадзімам Макаранкам, эканамічным журналістам «Газеты Выборчай» (Польшча) – беларусам, які стварыў першы ў Польшчы медыя-рэсурс, прысвечаны дадзеным, BIQdata.pl. Першая частка сустрэчы пройдзе ў фармаце адкрытай лекцыі, другая – у выглядзе нефармальнай камунікацыі.
Для ўдзелу ў сустрэчы неабходна зарэгістравацца ТУТ (колькасць месцаў абмежаваная).
- Што такое дата-журналістыка?
- Якія магчымасці для ньюсрумаў дае візуалізацыя дадзеных і якія інструменты для гэтага патрэбныя?
- Як прымяніць практыку вядомых медыя-рэсурсаў, напрыклад, Datablog (Guardian), Wonkblog (Washington Post), Upshot (New York Times) у Беларусі?
Гэта асноўныя тэмы, якія будуць закранутыя падчас сустрэчы.
Вадзім Макаранка таксама распавядзе пра праект BIQdata («Газета Выборча»), які стаў пабочным вынікам яго даследаванняў у межах стыпендыі ў прэстыжным Інстытуце па вывучэнні праблем журналістыкі агенцтва Reuters Універсітэта ў Оксфардзе.
Сустрэча адбудзецца ў пятніцу, 30 студзеня, а 15-й гадзіне ў офісе TUT.BY па адрасе пр-т Дзяржынскага, 57, 9 паверх (ст. метро Міхалова).
Гэта чарговая сусрэча «Прэс-клуба Беларусь» у Мінску. Сярод гасцей папярэдніх былі Энжалі Лістан, намесніца галоўнага рэдактара New East Network брытанскай газеты «The Guardian», а таксама галоўная рэдактарка навінавага праекта «Медуза» Галіна Цімчанка.
Партнёр сустрэчы – TUT.BY.
Інфармацыйныя партнёры – ГА "БАЖ", "Медыякрытыка".
Даведка «Прэс-клуба Беларусь»:
Вадзім Макаранка нарадзіўся ў Брэсце, скончыў Варшаўскі ўніверсітэт, 16 гадоў працуе ў адным з найважнейшых польскіх выданняў «Газета Выборча». Яго артыкулы прысвечаны СМІ, новым тэхналогіям, рэкламе і кіраванню. Аўтар шматлікіх інтэрв'ю з практыкамі і тэарэтыкамі бізнесу. Аўтар некалькіх кніг: «Тайныя службы капіталізму» (пра тое, як фірмы збіраюць інфармацыю пра спажыўцоў), а таксама «Прафесія: пераможца» (пра лідараў, якія заражаюць сваімі ідэямі супрацоўнікаў і свет). Сярод герояў апошняй кнігі - кіраўнік «Yahoo!» Марыса Мэер, старшыня праўлення HBO Рычард Плеплер, заснавальнік «Яндэкса» Аркадзь Волож, а таксама Тэры Ліхі, які ператварыў лакальную сетку крам «Теscо» у глабальную карпарацыю.