Прэзентацыя кнігі Аляксандра Тамковіча “Найноўшая гісторыя ў асобах” у Вільні
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава мае гонар запрасіць на прэзентацыю кнігі беларускага журналіста Аляксандра Тамковіча “Найноўшая гісторыя ў асобах”.
У кнізе сабраныя нарысы пра 70 вядомых у Беларусі і за яе межамі людзей, якія на працягу апошніх 15-20 гадоў мелі непасрэднае дачыненне да найноўшай беларускай гісторыі. Прэзентацыя пройдзе ў сераду, 14 студзеня, а 15-й гадзіне ў Беларускім Доме правоў чалавека (ДПЧ) імя Б.Звозскава (Вільнюс, вул. Латака, 3).
Разам з аўтарам на прэзентацыі будуць прысутнічаць і два героі кнігі – кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі ды сябра рады «Вясны» і прэзідэнт Беларускага ДПЧ Таццяна Равяка. У кнізе змешчаныя нарысы і фотаздымкі, якія адлюстроўваюць розныя перыяды жыцця герояў, сярод якіх – Зянон Пазняк, Віктар Ганчар, Юрый Захаранка, Мікола Статкевіч, Светлана Алексіевіч, Віталь Сіліцкі ды іншыя. “Па сутнасці ,“Найноўшая гісторыя ў асобах” – гэта літаратурна-разгорнуты варыянт даведніка “Хто ёсць хто”, што дазваляе з дапамогай адной кнігі атрымаць уяўленне пра грамадска-палітычны ландшафт Беларусі,” – так апісвае кнігу яе аўтар Аляксандр Тамковіч.
Аляксандр Тамковіч – журналіст, аўтар шэрагу кніг пра значныя палітычныя падзеі Беларусі ды іх уплыў на лёсы людзей – палітвязняў, грамадскіх актывістаў, праваабаронцаў. Кніга “Найноўшая гісторыя ў асобах” будзе прадстаўлена як у беларускім, так і ў англамоўным варыянце. Фотаздымкі з кнігі будуць паказаныя ў форме мультымедыя-прэзентацыі.
Зацікаўленых просяць заявіць свой удзел у прэзентацыі па 13 студзеня ўключна па электронным адрасе: belarus@humanrightshouse.org.
Дадатковая інфармацыя па тэлефоне +370 5 212 77 03.