Суд працягвае разглядаць скаргу праваабаронцы Алены Танкачовай на яе высылку з Беларусі
Суд Першамайскага раёна Мінска разглядае скаргу праваабаронцы Алены Танкачовай на рашэнне Першамайскага РУУС сталіцы аб высылцы яе з Беларусі.
Алена Танкачова расказала, што 9 студзеня суд спыніўся на даследаванні матэрыялаў, паўторным запатрабаванні матэрыялаў з органаў унутраных спраў, якія суду дагэтуль не пададзены. Праваабаронца са свайго боку хадайнічала аб вынясенні прыватных пастаноў у адрас органаў унутраных спраў для спынення парушэння правоў грамадзян пры працэдуры высылкі. Апрача таго Танкачова хадайнічала аб спыненні рэплік дыскрымінацыйнага характару ў яе адрас у духу таго, што жанчына павінна гатаваць боршч.
Судовае пасяджэнне працягнецца 12 студзеня ў 14.30.
Праваабаронца Алесь Бяляцкі ўпэўнены, што рашэнне суда прадвызначанае і станоўчага выніку для Танкачовай не будзе.