Сябры ГА “БАЖ” усклалі кветкі і запалілі знічы ля французскай амбасады ў Мінску
Журналісты выказалі глыбокія спачуванні з нагоды тэракту ў часопісе Charlie Hebdo амбасадару Францыі Дамінік Газюі і першаму дарадцу дыпламатычнага прадстаўніцтва Эльзе Піньёль.
Падчас сустрэчы ў французскай амбасадзе сябры журналісцкай супольнасці яшчэ раз падкрэслілі недапушчальнасць любых нападаў на журналістаў, а асабліва ў мірны час у мірнай краіне.
– Калі нашы калегі скіроўваюцца ў тую ці іншую “гарачую кропку”, кожны з іх усведамляе ўзровень рызыкі. Але немагчыма зразумець сітуацыю, калі забойствы журналістаў здараюцца ў мірнай абстаноўцы. Гэта жахліва, і ніякага апраўдання дзеянням тэрарыстаў быць не можа, – адзначыла ў часе сустрэчы старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Жанна Літвіна.
– Часопіс “Charlie Hebdo” з’яўляецца сапраўдным апірышчам свабоды слова ў Францыі, бо актыўна і адкрыта крытыкуе прадстаўнікоў любых сфер грамадскага і палітычнага жыцця. На нашу думку, менавіта такімі – свабоднымі і адкрытымі – павінны быць сродкі масавай інфармацыі ў Францыі і наогул ва ўсім свеце. Трагедыя, што адбылася 7 студзеня, закранула ўвесь французскі народ. Менавіта таму мы лічым, што ўчора ў цэнтры Парыжа мы атрымалі 12 забітых і 66 мільёнаў параненых, – заявіла на сустрэчы першая дарадца амбасадара Францыі ў Беларусі Эльза Піньёль.
У сваю чаргу, сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” падкрэслілі, што ўчорашняя трагедыя не пакінула абыякавымі і ўсіх беларускіх журналістаў, якім, на жаль, знаёмыя выпадкі забойства журналістаў у мірны час у сваёй краіне.
Сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” усклалі кветкі ды запалілі свечкі на ганку амбасады, а таксама пакінулі запісы ў кнізе спачуванняў, якая ад сённяшняга дня знаходзіцца ў бібліятэцы дыпламатычнага прадстаўніцтва (пл. Свабоды, 11).
Па словах прэс-аташэ амбасады Наталлі Зайцавай, пакінуць запіс у кнізе зможа любы ахвотны 8 снежня да 17.30 альбо ў пятніцу, 9 снежня, з 8.30 да 12.00 і з 13.30 да 16.00.
На гэтую ж тэму:
У Парыжы пры нападзе на сатырычны часопіс забітыя 12 чалавек
Муфцій Беларусі: Не апраўдваю тэрарыстаў, але журналісты вінаватыя
У Рэймсе пачаўся штурм хованкі, дзе знаходзяцца забойцы карыкатурыстаў
Нападнікі, што забілі 12 чалавек у рэдакцыі часопіса ў Парыжы, крычалі «Алах Акбар»