У судзе над кнігарняй «Логвінаў» – перапынак да 9 студзеня (АБНОЎЛЕНА)
У часе слуханняў 5 студзеня былі агучаныя пазіцыі бакоў – падатковай інспекцыі і ўласна кнігарні. У гутарцы з журналістамі кіраўнік прадпрыемства Ігар Логвінаў паведаміў, што з 1 студзеня ў памяшканні кнігарні працуе ўжо іншая юрыдычная асоба: гэта адзіная магчымасць працягнуць працу.
Падтрымаць “ЛогвінаЎ” у судзе 5 студзеня прыйшлі каля 30-і журналістаў і прадстаўнікоў грамадскасці. Сярод іх – праваабаронца Алена Танкачова, пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч ды іншыя вядомыя асобы.
Спачатку ахова адмовілася ўпускаць людзей у будынак. Толькі пасля тэлефанавання ў прэс-службу Вярхоўнага суда ўсім дазволілі ўвайсці. На суд, між тым, дапусцілі толькі траіх чалавек, акрамя ўдзельнікаў працэсу. Суддзя Сяргей Кулакоўскі спаслаўся на адсутнасць вольных месцаў. У канцылярыі суда запэўнілі, што іншага памяшкання для працэсу сапраўды няма. Такім чынам, 9 студзеня на суд верагодна зноў трапяць адзінкі.
Нагадаем: у снежні 2014 года ў кнігарні «Логвінаў» падатковая інспекцыя Цэнтральнага раёна Мінска правяла пазапланавую праверку, у выніку чаго нібыта выявіла шэраг парушэнняў, а ўсю гадавую выручку кнігарні – амаль 1 мільярд беларускіх рублёў – залічыла за незаконны прыбытак. Спаганяюць гэтую суму праз суд.
Асноўная прэтэнзія падаткавікоў у тым, што прыватнае прадпрыемства «Логвінаў» так і не было ўключанае ў створаны ў 2014-м годзе дзяржаўны рэестр распаўсюднікаў друкаваных выданняў. Цягам года кнігарня шэсць разоў звярталася па адпаведную рэгістрацыю ў Міністэрства інфармацыі Беларусі, але кожны раз атрымлівала адмовы. 5 студзеня Ігар Логвінаў паведаміў, што падаў у суд на Мінінфармацыі за нематываваныя адмовы. Але гэты працэс юрыдычна ніяк не звязаны з тым, што адбываецца цяпер.
Перад гэтым Міністэрства інфармацыі пазбавіла ўласніка кнігарні Ігара Логвінава выдавецкай ліцэнзіі за выпуск фотаальбома «Прэс-фота Беларусі 2011», які амаль праз два гады пасля выхаду чыноўнікі назвалі экстрэмісцкім.
Па словах супрацоўнікаў кнігарні, спагнанне ў мільярд рублёў можа стаць падставай для банкруцтва і закрыцця кнігарні, якая ад самага з'яўлення стала выключным месцам для беларускай літаратурнай супольнасці.
На гэтую ж тэму:
Логвінаў: «Мы дагэтуль застаёмся краінай, у якой кнігавыдаўцоў садзяць у даўгавую яму»
Как в минском суде книжный магазин Логвинова судили. Репортаж с заседания