Вялікая інфармацыйная вайна
Былі моманты — і нават месяцы, — калі многія з нас шукалі прыхаваную ад нас інфармацыю пра падзеі ў Беларусі на расійскіх тэлеканалах.
Былі моманты — і нават не выключана, што будуць, — калі беларускае тэлебачанне атрымлівала азначэнне «Гебельс-ТV», а шэраг мясцовых газет непрыстойна было браць у рукі прыстойнаму чалавеку. Але мы ведалі, дзе прыстойнае ёсць.
Мы прызвычаіліся думаць, што расійская журналістыка больш «прасунутая» — і ў прафесійным, і ў тэхнічным, і нават у маральным плане.
Усё змянілася за апошні год.
Год-два таму сумнеўны статус медыязабойцаў сярод расійскіх журналістаў мелі адзінкі. Сёння ў дарэнак і лявонцьевых ператварыліся ці не цэлыя рэдакцыі праўладных СМІ. А слова «кілер» у звязку з прафесіяй журналіста ўсё больш набліжаецца да свайго сапраўднага значэння.
Натуральна, перамены гэтыя выспявалі не адзін год. Падзеі ва Украіне толькі паскорылі працэс. Расійскі медыйны ландшафт з пачатку года змяніўся непазнавальна, прайшоўшы шлях ад пагрозаў ператварыць ЗША ў радыеактыўны попел да прыкрыцця каскай з надпісам «Прэса» ў часе стральбы па пазіцыях украінскіх вайскоўцаў.
У вачах сусветнай журналісцкай супольнасці такая метамарфоза прэтэндуе на званне расчаравання года.
У верасні шэраг журналісцкіх асацыяцый Еўропы, у тым ліку і ГА «БАЖ», адмовіліся ад удзелу ў канферэнцыі Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (ЕФЖ), запланаванай у Маскве.
«На вачах СМІ ператварылася ў зброю, якая раз’ядае грамадскую свядомасць. Дэзынфармацыя, прапаганда, інфармацыйныя правакацыі — шлях да нянавісці і варожасці. У сённяшняй сітуацыі патрэбны глыбокі аналіз усяго, што адбывалася, аналіз ролі СМІ ў гэтых працэсах. І ёсць вялікая верагоднасць, што на канферэнцыі ў Маскве такая размова не атрымаецца, што само правядзенне канферэнцыі будзе выкарыстана ў прапагандысцкіх мэтах. Таму сёння, як ніколі, украінскім журналістам патрэбна падтрымка. І мы сваёй пастановай дэманструем і падтрымку, і салідарнасць з нашымі калегамі», — патлумачыла прычыны адмовы кіраўніцтва ГА «БАЖ».
Калі СМІ забіваюць
Інфармацыйная вайна таксама забівае. У літаральным сэнсе.
Натхнёны вайскова-патрыятычнымі заняткамі і навінамі з «Наваросіі» 18-гадовы Яўген Пушкароў з расійскага Кранштата ўцёк з дому, каб ваяваць супраць «фашыстаў». Ён загінуў у Луганскай вобласці ад кулі снайпера. Маці хлопца пасля ягонай смерці змяніла погляд на канфлікт ва Украіне. І нават заклікала праз прэсу іншых бацькоў берагчы сваіх дзяцей ад гэтай незразумелай вайны.
18-гадовы юнак з Кранштата — далёка не адзіны, хто паехаў ваяваць з «фашызмам» з ідэйных меркаванняў, сфармаваных намаганнямі СМІ.
Сярод шматлікіх ахвяр ёсць і тыя, каго на вайну пагнала прага зарабіць і немагчымасць зрабіць гэта на радзіме.
20-гадовы Антон Туманаў, жыхар Казьмадзямьянска Рэспублікі Марый Эл, вярнуўся з Украіны ў закрытай труне. Ягоную гісторыю апублікавала «Новая газета». У разгар канфлікту на Данбасе малады чалавек падпісаў кантракт з войскам.
«Мам, нашы войскі туды пасылаць не будуць. Усё, я вырашыў, я пайду. Мне грошы патрэбныя. Я ж гэта не на вайну еду — я на працу еду. Іншай працы няма», — тлумачыў ён маці сваё рашэнне.
Антона, як і сотні, а магчыма, і тысячы іншых расейцаў, у пэўнай ступені можна лічыць ахвярай інфармацыйнай вайны. Вайны, што за кароткі тэрмін зляпіла з украінцаў вобраз ворага, якога можна і трэба знішчыць. І не толькі за ідэю.
Падпальшчыкі вайны таксама гінуць
Пракрамлёўскі тэлеканал LifeNews ды некаторыя іншыя расійскія СМІ вядомыя тым, што іх супрацоўнікі дзіўным чынам з’яўляюцца ў патрэбным месцы і ў патрэбны час. Так, здымачная група Russia Today прыехала да месца выбуху на Палтаўшчыне ўсяго праз 10 хвілін.
Гэта нават стала нагодай для анекдота пра падзеі ва Украіне: заходнія журналісты з’яўляюцца на месцы падзеі, калі тая ўжо здарылася, а з’яўленне расійскіх журналістаў сведчыць пра тое, што падзея здарыцца праз лічаныя хвіліны.
Жарт змрочны. Многія ўкраінцы ў блогах і сацсетках пішуць, што пры з’яўленні расійскіх здымачных груп трэба як найхутчэй уцякаць, каб не трапіць у вечаровы выпуск навін у якасці чарговай «ахвяры хунты».
Фотакарэспандэнт Андрэй Сценін стаў закладнікам новага рэнамэ расійскіх журналістаў. Украінскія ўлады абвінавацілі яго ў саўдзеле ў катаванні і забойстве параненага вайскоўца. Да кампаніі супраць Сценіна далучыліся некаторыя ўкраінскія журналісты, абураныя дзеяннямі расійскай прэсы. Пазней фотакарэспандэнта знайшлі забітым.
Навіны як акт псіхалагічнага згвалтавання
Разбуральная сіла штодзённага напампоўвання замяшанай на хлусні і нянавісці прапагандай робіць ахвярамі мільёны грамадзян Расіі. А таксама беларусаў, што глядзяць на падзеі ва Украіне вачыма расійскіх прапагандыстаў.
Вядомы расійскі псіхолаг Людміла Петраноўская перасцерагае: штодзённае перажыванне праз негатыўныя навіны нясе сур’ёзную шкоду здароўю — псіхалагічнаму і фізічнаму.
Петраноўская лічыць, што расійскія праграмы навін не даюць пачуцця ўцягнутасці ў падзеі і не выклікаюць спачування. «Тое, што выклікаюць цяпер расійскія перадачы, навіны, — гэта не зусім тое. Бо гэта не інфармаванне, а эмацыйная напампоўка — галасы, якімі гэта ўсё падаецца, падбор інфармацыі, кадраў. З пункту гледжання псіхалогіі гэта больш правільна было б назваць не навінамі, а актамі псіхалагічнага згвалтавання. У табе разгойдваюць страх і нянавісць. У выніку ты адчуваеш зусім не суперажыванне, а трывогу і бяссілле», — адзначае яна.
Найбольш уразлівай групай грамадства ў дадзенай сітуацыі з’яўляюцца людзі сталага веку, мяркуе псіхолаг.
Чаму людзі дазваляюць сябе падманваць
Пра феномен сумнеўнага поспеху сучаснай расійскай прапаганды псіхолаг Людміла Петраноўская расказала латвійскаму парталу Delfi: «Людзям складана паверыць, што ім наўмысна і нахабна хлусяць проста ў вочы, нават не хаваючыся і не саромеючыся выкрыцця. Ёсць асноўны закон зносін — кааператыўнасць, мы зыходзім у камунікацыі з таго, што суразмоўца камунікатыўна добрасумленны. Так, мы не наіўныя дзеці — і разумеем, што людзі часта прыдумляюць, але ў хлусні таксама ёсць свае правілы: яе трэба імкнуцца зрабіць падобнай да праўды, яе, як мінімум, трэба саромецца, калі яе зняпраўдзяць. Да поўнай адмены кааператыўнасці людзі не гатовыя. Ніхто не чакае, што яму будуць з эмацыйным напалам гнаць хлусню, выдумляючы яе з ходу. Асабліва калі гаворка ідзе аб афіцыйных фарматах: дамовах з пячаткамі і подпісамі, выказваннях афіцыйных асоб, вяшчанні дзяржаўных СМІ».
Вядомы расійскі журналіст Аляксандр Няўзораў лічыць, што найбольш прымітыўнае, аднаклетачнае замбаванне ўспрымаецца расійскай публікай найлепш.
20 гадоў нянавісці і хлусні
На фоне расійскай прапаганды беларуская дзяржаўная прэса выглядае сёння ледзь не эталонам узважанасці. Але няхай гэтае ўражанне нікога не ўводзіць у зман.
У наступным годзе споўніцца 20 гадоў прапагандысцкаму фільму Юрыя Азаронка «Нянавісць. Дзеці хлусні». У ім аўтар параўнаў беларускіх калабарантаў часоў Другой сусветнай вайны з апазіцыйнымі дэпутатамі БНФ, а бел-чырвона-белы сцяг назваў сімволікай здраднікаў. Скандальны фільм паказалі наконадні рэферэндуму, на якім сярод іншага вырашаўся лёс нацыянальнай сімволікі.
Выхад «Дзяцей хлусні» даў старт новай эпосе ў дачыненнях прэсы і ўлады.
Фактычна ўлада манапалізавала дзяржаўныя СМІ і пачала выкарыстоўваць іх у якасці прапагандысцкай зброі. Апаненты ўлады і незалежнае грамадства страцілі не толькі доступ да тэлебачання і радыё (акрамя рэдкіх выпадкаў у часе выбарчых кампаній), але і магчымасць уплываць на іх.
Можна дзівіцца з ангажаванасці Уладзіміра Салаўёва і гасцей яго праграмы. Але пры гэтым варта памятаць пра «Тайныя спружыны палітыкі» Аляксандра Зімоўскага. Праграма «Правы чалавека: погляд у свет» Яўгена Новікава па ступені цемрашальства не саступае опусам расійскага прапагандыста Дзмітрыя Кісялёва.
Іншымі словамі, усё тое, што мы бачым на экранах расійскіх тэлеканалаў, для нас, беларусаў, не новае. Мы жывём з гэтым другі дзясятак гадоў.
Хто ў каго вучыўся?
Дэбют Азаронка сведчыць, што Беларусь значна раней пачала выкарыстоўваць СМІ ў якасці інструмента прапаганды.
Выгадаваныя на прыкладзе Азаронка кадры папаўняюць шэрагі і расійскіх рэдакцый. Як, напрыклад, былы супрацоўнік Белтэлерадыёкампаніі Юрый Круглік, які каторы месяц расказвае страшылкі пра «кіеўскую хунту» ў праграме «Сейчас» расійскага «5 канала».
Ці вось такая паралель. У 1995 годзе Аляксандр Лукашэнка сваім загадам вярнуў на першыя палосы дзяржаўных газет выявы савецкіх узнагародаў. Здарылася гэта пасля гісторыі з белымі палосамі, замест якіх мусіла быць антыкарупцыйная справаздача дэпутата Сяргея Антончыка. Рэдакцыям былых савецкіх выданняў далі празрысты сігнал: вяртаецца ваша ранейшая функцыя — не толькі інфармаваць, але і прапагандаваць.
У 2000 годзе, пасля прыходу да ўлады ў Расіі Уладзіміра Пуціна, тэлеканал РТР змяніў застаўку праграмы «Вести». Калі раней перад пачаткам праграмы ў кадры з’яўляліся коні, што беглі вольна, то ў абноўленай версіі гледачы бачылі запрэжаную тройку. Падобны варыянт існаваў да 1994 года, і яго вяртанне магло сведчыць пра погляды новага гаспадара Крамля на функцыі і задачы прэсы.
Ёсць і такое меркаванне: Расія ўсе гэтыя дваццаць гадоў выкарыстоўвала Беларусь у якасці своеасаблівага палігона для правядзення паліттэхналагічных эксперыментаў над грамадствам, у тым ліку і ў сферы журналістыкі.
Прамяні святла ў цёмным царстве
У Расіі засталіся цэлыя рэдакцыі і асобныя журналісты, што не паддаліся агульнай істэрыі. Можна сабе ўявіць, наколькі цяжка захоўваць вернасць прынцыпам прафесіі ва ўмовах, калі простую наяўнасць альтэрнатыўнага погляду на падзеі могуць расцаніць як нацыянальную здраду.
Адным з сімвалаў сумленнай расійскай журналістыкі з’яўляецца Аркадзь Бабчанка, які прайшоў дзве чачэнскія кампаніі.
Ён не толькі робіць зараз рэпартажы з Данбаса, але і рэгулярна дае ўласныя ацэнкі падзеям ва Украіне і Расіі. Такая нязвыклая для ваеннага карэспандэнта роля тлумачыцца тым, што за сваю прынцыповую пазіцыю Бабчанка і сам стаў «ворагам народа». На сваёй старонцы ў Фэйсбуку ён раскрыў таямніцы стварэння прапагандысцкіх фільмаў пра «сяброў хунты». Да Бабчанкі прыехалі былыя калегі, каб запісаць з ім гутарку для чарговай праграмы. Яны загадзя ведалі, што ў тым фільме іх былому паплечніку была адведзеная роля аднаго з «антыгерояў».
Альтэрнатыву праўладнай прэсе ў Расіі сёння складаюць «Новая газета», тэлеканал «Дождь», радыё «Эхо Москвы», сайты snob.ru, newsru.com, colta.ru і шэраг іншых. Гэта тыя асяродкі, што даюць надзею на лепшую будучыню расійскай журналістыкі. Без распятых хлопчыкаў і ядзернага пылу.