"Рэпарцёры без межаў": "была абвешчана вайна Інтэрнэту і свабодзе..."
Свабода інфармацыі ў Беларусі, і без таго даволі абмежаваная, рэзка зменшылася за некалькі апошніх дзён праз блакаванне многіх незалежных сайтаў і прыняцце новага закона аб Інтэрнэт-СМІ.
“Рэпарцёры без межаў” паведамляюць, што папраўкі ў Закон аб СМІ, якія замацоўваюць кантроль над Інтэрнэтам за Міністэрствам інфармацыі, былі прыняты ўціхую 17 і 18 снежня і ўхвалены Аляксандрам Лукашэнкам 20 снежня.
Адначасова, на фоне эканамічных цяжкасцяў, 19 і 20 снежня былі заблакаваныя многія незалежныя сайты, неўзабаве пасля таго, як міністр інфармацыі Ліля Ананіч папрасіла беларускія СМІ прытрымлівацца афіцыйнай лініі ў асвятленні беларускай эканомікі пасля рэзкай дэвальвацыі беларускага рубля.
"Гэтае масавае блакаванне без тлумачэння ад уладаў і без судовага загаду з'яўляецца незаконным і неапраўданым", - кажа Ёхан Бір, кіраўнік аддзела “Рэпарцёраў без межаў” па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.
"Цэнзура грамадскай дыскусіі не палепшыць эканамічную сітуацыю і не дапаможа развеяць магчымую паніку. Зусім наадварот. Мы заклікаем улады адказваць за свае дзеянні. Патрэба грамадскасці ў гэтых сайтах падчас крызісу большая, чым калі-небудзь раней. Доступ павінен быць неадкладна адноўлены."
Доступ да незалежных сайтаў Charter97.org, Belaruspartisan.org і Gazetaby.com быў заблакаваны 19 снежня па сетцы Белтэлекама, дзяржаўнай тэлекамунікацыйнай кампаніі, якая кіруе шырокапалосным доступам у Інтэрнэт. Белтэлекам аднак адмаўляе сваю адказнасць, спасылаючыся на атакі DDoS.
UDF.by, Zautra.by, 21.by і тры вэбсайты інфармацыйнага агенцтва БелаПАН - belapan.by, belapan.com і naviny.by - былі заблакаваныя на наступны дзень з-за артыкулаў, якія крытыкуюць эканамічную палітыку ўрада. Іх прыватная хостынгавая кампанія, Hoster.by, змянілі свае IP-адрасы 21 снежня, каб абыйсці блакаванне, але новыя адрасы таксама былі заблакаваныя ў сярэдзіне дня.
Рэдактар БелаПАН Алесь Ліпай асудзіў блакаваньне як акт цэнзуры і паслаў некалькі лістоў уладам, якія пакуль яшчэ не адказалі. Па яго словах, сайты маглі быць заблакаваныя толькі па загадзе ўладаў. 22 снежня сайтам Belapan.com і Naviny.by атрымалася абыйсці блакаванне, хоць тры афіцыйныя IP адрасы БелаПАН яшчэ ўсё былі заблакаваныя.
Трынаццаць Інтэрнэт-крамаў таксама былі заблакаваны з 20 снежня за размяшчэнне коштаў не толькі ў рублях, а яшчэ і ў замежнай валюце.
Менавіта на гэтым фоне былі ўнесены папраўкі ў Закон аб СМІ, якія павышаюць дзяржаўны кантроль над інфармацыяй, у тым ліку размешчанай у Інтэрнэце.
Папраўкі, асцярожна прынятыя ніжняй палатай Парламента ў двух чытаннях 17 снежня, а затым ухваленыя верхняй палатай на наступны дзень, разбілі надзеі журналістаў, якія ўсяго толькі прасілі надаць прававы статус фрылансерам і спрасціць працэдуры рэгістрацыі СМІ і атрымання акрэдытацыі.
"Гэтыя папраўкі забяспечваюць уладам інструмент, патрэбны для сістэматычнага блакавання любых навінавых сайтаў і блогаў, якія ствараюць ім праблемы," – кажа Віргінія Данглз, намеснік праграмнага дырэктара “Рэпарцёраў без межаў”.
"Была абвешчана вайна Інтэрнэту і свабодзе, якую ён дае пяці мільёнам беларускіх Інтэрнэт-карыстальнікаў, абвешчана вайна без шанцу беларускага грамадства супярэчыць гэтаму."
Апублікаваныя толькі пасля прыняцця Парламентам 19 снежня, тэкст паправак не тлумачыць, як яны будуць рэалізаваныя.
Андрэй Бастунец, намеснік старшыні ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) сцвярджае, што папраўкі былі ўнесены наспех, каб пазбегнуць публічнага абмеркавання.
Згодна з папраўкамі ў Закон аб СМІ навінавыя сайты, блогі і іншыя сайты, якія прадстаўляюць інфармацыю, надалей будуць мець становішча нароўні з традыцыйнымі СМІ, толькі без афіцыйнай рэгістрацыі ў якасці СМІ, і будуць падпадаць пад кантроль Міністэрства Інфармацыі.
Таму Міністэрства Інфармацыі будзе мець права накіраваць афіцыйныя папярэджанні ўсім вэб-сайтам, даступным у Беларусі, калі яны публікуюць інфармацыю, якая лічыцца незаконнай. З атрыманнем папярэджання, сайты павінны будуць зняць паведамленне ці выправіць інфармацыю на працягу 24 гадзін.
Міністэрства зможа абмежаваць доступ да сайтаў, якія атрымалі два ці некалькі папярэджанняў за год. Спіс забароненых катэгорый кантэнту таксама быў пашыраны. У дадатак да звестак, што падтрымліваюць “вайну і экстрэмізм” ці маюць “парнаграфічны, гвалтоўны або жорсткі” характар, сюды таксама ўключана інфармацыя, якая можа “нанесці шкоду інтарэсам беларускага народа.”
Папраўкі таксама прадугледжваюць стварэнне двух рэестраў для “распаўсюднікаў” друкаванай і аўдыёвізуальнай інфармацыі; у тым ліку ўладальнікі сайтаў, якія публікуюць або перадаюць інфармацыю, павінны будуць звярнуцца да міністра інфармацыі для ўключэння іх у рэестры.
“Распаўсюднікі” не змогуць існаваць легальна, калі яны не зарэгістраваныя. У той жа час, зарэгістраваныя могуць быць выдаленыя са спісу і страціць свае правы “распаўсюднікаў”, калі яны атрымаюць два папярэджанні за год.
Тыя, хто распаўсюджвае аўдыё-візуальны кантэнт, у тым ліку аўдыё-візуальны кантэнт у Інтэрнэце, таксама будуць абавязаны паведамляць міністэрству пра змены ў сваіх праграмах загадзя за два дні.
З мэтай абараніць Беларусь і яе грамадзян ад “дэструктыўных вонкавых уплываў” і зместу, які, згодна з Мінінфармам, маглі б “супярэчыць іх інтарэсам”, новая рэдакцыя закона таксама памяншае максімальна дапушчальную замежную долю ў СМІ ў Беларусі з ранейшых 30 да 20 працэнтаў.
Незадоўга да блакавання сайта Хартыі'97 19 снежня, яго рэдактар Наталля Радзіна казала “Рэпарцёрам без межаў”: "закон аб СМІ ў Інтэрнэце непасрэдна накіраваны на Хартыю-97, самы папулярны незалежны вэб-сайт Беларусі.”
А 4 снежня міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч адзначыў, што трэба весці барацьбу з незаконным абаротам наркотыкаў, называючы гэта як падставу для поўнага блакавання ўсіх вэб-сайтаў з абмежаваным доступам. Гэты спіс уключае і сайт Хартыі-97, які з 2011 года стаў недаступны з усіх дзяржаўных устаноў.