У шэрагу буйных беларускіх вэб-рэсурсаў – праблемы з доступам


РУП «Белтэлекам» афіцыйна заявіў пра DDoS-атаку на сваё абсталяванне.

Удзень 19 снежня ўзніклі праблемы з доступам да інтэрнэт-партала tut.by.

На галоўную onliner.by доступ увесь час быў, але пры спробе прачытаць некаторыя навіны на сайце з'яўлялася поле з інфармацыяй пра «рамонтныя работы» альбо забарону доступу (напрыклад, немагчыма было прачытаць навіну «Экстренные меры Нацбанка: в Беларуси вводится 30-процентный сбор при покупке валюты»).

Charter97.org пасля 14-й гадзіны паведаміла пра праблемы з доступам да рэсурса з тэрыторыі Беларусі ў карыстальнікаў, якія спрабуюць трапіць на сайт праз канал “Белтэлекама”.

Тое ж самае заўважыў сайт “Белорусский партизан”.

Нацыянальны інтэрнэт-правайдэр РУП “Белтэлекам” 19 снежня размясціў на сайце афіцыйную інфармацыю пра атаку на сваё абсталяванне.

“У сувязі з DDoS-атакай на абсталяванне цэнтра апрацоўкі дадзеных... магчымыя цяжкасці з доступам да шэрагу інфармацыйных рэсурсаў нацыянальнага сегменту сеткі інтэрнэт. Спецыялістамі роюяцца ўсе магчымыя захады па лакалізацыі магчымых праблем”, – гаворыцца ў паведамленні.

Між тым, некаторыя назіральнікі дапускаюць, што прычына перагрузкі запытамі – не ў наўмысным атакаванні, а ў жаданні беларусаў атрымаць інфармацыю пра сітуацыю на фінансавым рынку краіны, якая рэзка змянілся 19 снежня пасля ўвядзення ўрадам і Нацбанкам жорсткіх умоваў пакупкі валюты. 

Увечары 19 снежня ўзніклі праблемы ў сайта інтэрнэт-газеты "Салідарнасць". Паводле рэдакцыі, доступ да сервера заблакаваны з беларускага сегмента сеткі інтэрнэт: "Блакаванне ажыццяўляецца на ўзроўні магістральнага канала сувязі".

20 снежня сайт Charter97.org зноў паведаміў, што рэсурс недаступны для жыхароў Беларусі праз штучную фільтрацыю на шлюзе сеткі “Белпак”.