Лілія Ананіч: "Канчатковую рэдакцыю дапрацавала Міністэрства інфармацыі"
На пытанне журналіста “Еўрарадыё” Змітра Лукашука, хто браў удзел у распрацоўцы паправак у закон “Аб СМІ”, міністр інфармацыі Лілія Ананіч пералічыла Мінінфармацыі, Беларусі саюз журналістаў і Саюз выдаўцоў і распаўсюднікаў друку.
“Законапраект адпрацоўваўся не адзін тыдзень і не адзін год, – заявіла Лілія Ананіч. – Над ім працавалі многія ўдзельнікі інфармацыйнага поля. Канчатковую рэдакцыю дапрацавала Міністэрства інфармацыі. Плённа працаваў Беларускі саюз журналістаў, Саюз выдаўцоў і распаўсюднікаў друку, бо там шмат навацый, якія тычацца сферы распаўсюду друку. А інтэрнэт-супольнасць… Мы пакуль не маем суб’ектаў гэтай інтэрнэт-супольнасці ў дачыненні да Міністэрства інфармацыі. Калі мы ўвядзём у дзеянне гэты закон, у нас узнікнуць канкрэтныя стасункі з усімі ўладальнікамі інтэрнэт-рэсурсаў. Думаю, што яны будуць пазітыўныя”.
17 снежня парламентарыі адразу ў двух чытаннях прынялі папраўкі ў закон "Аб СМІ". "За" прагаласавалі 103 дэпутаты. З дакладам выступіла міністр інфармацыі Лілія Ананіч.
Якія змены пералічыла Лілія Ананіч, прэзентуючы ў Палаце прадстаўнікоў папраўкі ў закон “Аб СМІ”?
Слухаць аўдыё:
Згодна з папраўкамі ў закон “Аб СМІ”, прапануецца распаўсюдзіць дзеянне закона на інфармацыйныя рэсурсы і іх часткі, размешчаныя ў сетцы Інтэрнэт, за выключэннем патрабавання пра іх дзяржаўную рэгістрацыю.
За ўладальнікамі інфармацыйных рэсурсаў будзе замацаваная адказнасць за выкарыстанне іх рэсурсаў для распаўсюду інфармацыі, змест якой супярэчыць патрабаванням заканадаўства.
У сувязі з гэтым прапануецца дапоўніць артыкул 43 закона “Аб СМІ” ў частцы таго, што абвяржэнне інфармацыі, распаўсюджанай у інтэрнэце, ажыццяўляецца на тым жа інфармацыйным рэсурсе, на якім была распаўсюджаная непраўдзівая інфармацыя, не пазней чым праз дзён пасля паступлення патрабаванняў аб абвяржэнні. Пры гэтым непраўдзівы інфармацыйны матэрыял павінен быць выдалены з рэсурсу.
Згодна з папраўкамі ў закон, плануецца ўвядзенне абмежавання на распаўсюд прадукцыі інтэрнэт-СМІ ў выпадку, калі за год уладальніку інтэрнэт-рэсурсу вынесена два і больш пісьмовыя папярэджанні. Таксама абмежаванне ўводзіцца за распаўсюд інфармацыі, забароненай законам ці судом, альбо за невыкананне патрабаванняў аб выпраўленні парушэнняў закона “Аб СМІ”.
Парадак такога абмежавання будзе ўстаноўлены адмысловым дзяржаўным органам у галіне бяспекі выкарыстання нацыянальнага сегменту сеткі інтэрнэт сумесна з Міністэрствам інфармацыі.
Пункт 1.3 артыкула 38 закона “Аб СМІ” выкладзены ў новай рэдакцыі, якая прадугледжвае забарону на распаўсюд у СМІ інфармацыі, накіраванай на прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасці альбо заклікаў да такой дзейнасці, парнаграфіі, гвалту, жорсткасці, а таксама іншай інфармацыі, распаўсюд якой здольны нанесці ўрон нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.
Праектам закона таксама прадугледжана абмежаванне замежнага ўплыву на нацыянальную інфармацыйную прастору. Законапраект прадугледжвае забарону на ўскладанне функцый рэдакцыі СМІ на юрыдычную асобу, акцыі якой ці доля ў статутным фондзе на 20% і больш належыць замежным дзяржавам, замежным і міжнародным юрыдычным асобам, замежнаму грамадзяніну альбо асобе без грамадзянства.
На думку Ліліі Ананіч, гэта дазволіць эфектыўна абараніць краіну ад дэструктыўнага ўплыву звонку.
Таксама папраўкамі ў мэтах арганізацыі дзейснага кантролю за распаўсюдам друкаваных і электронных СМІ прадугледжваецца вядзенне Міністэрствам інфармацыі дзяржаўных рэестраў распаўсюднікаў прадукцыі друкаваных, радыёвяшчальных і тэлевізійных СМІ. На дадзеным этапе дзейнасць распаўсюднікаў друкаваных СМІ наогул не ўрэгуляваная.
Дадзены механізм уводзіцца ўпершыню і, на думку міністра інфармацыі, “дазволіць забяспечыць дзяржаўныя прыярытэты ў развіцці нацыянальнай прасторы ў пытаннях распаўсюду сродкаў масавай інфармацыі”.
У выпадку распаўсюду інфармацыі, забароненай заканадаўчымі актамі, альбо ў выпадку вынясення двух і болей папярэджанняў Міністэрства інфармацыі, прадугледжваецца выключэнне дадзеных распаўсюднікаў з дзяржаўных рэестраў. Дзейнасць распаўсюднікаў без уключэння ў дзяржаўныя рэестры не дапускаецца.
Таксама законапраект удакладняе шэраг паняццяў Закона аб СМІ. У прыватнасці, удакладняе паняцце распаўсюдніка тэле- і радыёпраграмы, патрабаванні да галоўнага рэдактара і дакументаў для рэгістрацыі.
Таксама прапануецца:
- распаўсюдзіць падставы для нерэгістрацыі СМІ і на іх перарэгістрацыю;
- падставы для анулявання пасведчання аб рэгістрацыі СМІ дапоўніць нормай пра нявыпуск зарэгістраванага выдання на працягу года;
- даць права заснавальніку СМІ самастойна прыпыняць выхад СМІ на тэрмін да 6 месяцаў;
- і некаторыя іншыя дробныя змены.
Чакаецца, што папраўкі ў закон “Аб СМІ” ўступяць у сілу ўжо з 1 студзеня 2015 г.
На гэтую ж тэму:
В Беларуси будут введены изменения по регулированию работы интернет-СМИ
Иностранное влияние на медиасферу в Беларуси будет уменьшено
Ананич: зарегистрировать все существующие интернет-сайты в качестве СМИ невозможно