Кнігарню "Логвінаў" чакае суд амаль на мільярд рублёў


Праз суд УП “Логвінаў” пагражае амаль мільярд рублёў штрафу за нібыта незаконны продаж кніг.

Па выніках праверкі, што праводзілася ў кнігарні напачатку снежня, інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Цэнтральнага раёна Мінска прыйшла да высновы, што ў кнігарні нібыта адбываўся продаж кніжнай прадукцыі без абавязковай рэгістрацыі ў Міністэрстве інфармацыі ў якасці кнігараспаўсюдніка.

Дадзенае патрабаванне ўступіла ў сілу акурат у студзені 2014 года. За гэты час кнігарня восем разоў звярталася ў Міністэрства інфармацыі па рэгістрацыю, але ўвесь час атрымлівала адмовы па відавочна надуманых прычынах.

– У выніку праверкі інспекцыя прыйшла да высновы, што праз незаконны гандаль кнігарня нібыта атрымала амаль мільярд рублёў прыбытку, залічыўшы ў прыбытак увесь валавы аб’ём продажу, – распавёў прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прадстаўнік УП “Логвінаў” Павел Касцюкевіч.

Цяпер пратакол па выніках праверкі будзе накіраваны ў суд, што можа стаць падставай для фактычнага закрыцця кнігарні з-за непад’ёмнага пакарання.

У верасні мінулага года Ігар Логвінаў быў пазбаўлены Міністэрствам інфармацыі Беларусі ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць за выданне альбома «Прэс-фота Беларусі 2011», які праз доўгі час пасля выхаду ў свет быў прызнаны экстрэмісцкім.

Увесь час існавання кнігарня “Логвінаў” з’яўлялася не толькі месцам продажу кніг і часопісаў, але важным цэнтрам беларускай культуры і грамадскай пляцоўкай, месцам сустрэчы чытачоў і літаратараў.

Па словах Паўла Касцюкевіча, да судовага разгляду справы кнігарня “Логвінаў” мае намер працаваць у звычайным рэжыме.