А. Залеўскі: Дзяржава сама ставіць журналістаў у нелегальнае становішча (КОПІЯ ДАКУМЕНТА)
Услед за двума адміністрацыйнымі штрафамі незалежнаму журналісту вынесена пракурорскае папярэджанне.
Фота Барыса Гарэцкага
Папярэджанне пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства аб СМІ падпісана намеснікам пракурора г. Мінска Казімірам Кежуном. Падставай для папярэджання стаў факт асвятлення журналістам разгляду справы аб высылцы з Беларусі вядомай праваабаронцы Алены Танкачовай.
Па інфармацыі, сабранай пракуратурай, у гэты дзень Алесь Залеўскі рабіў відэасюжэт у інтарэсах тэлеканала “Белсат”, чым парушыў беларускае заканадаўства.
Сам журналіст лічыць, што беларускія ўлады самі паставілі незалежных журналістаў у нелегальнае становішча.
– Шмат разоў тэлеканал “Белсат” спрабаваў атрымаць афіцыйную акрэдытацыю ў Беларусі, але Міністэрства замежных спраў кожны год адмаўляе нам у гэтым. Мы вельмі хацелі б працаваць легальна, робім для гэтага ўсё магчымае. "Мяч" у справе акрэдытацыі “Белсата” ўвесь час на баку афіцыйнага Мінска, а гэтыя папярэджанні і штрафы яшчэ больш падкрэсліваюць патрэбу нас акрэдытаваць.
Адметна, што толькі на мінулым тыдні штрафам у 6 000 000 рублёў скончылася другая па ліку адміністрацыйная справа супраць журналіста. Папярэднюю падобную справу супраць Залеўскага заводзілі ў Карэлічах у маі бягучага года. Яе вынікам стаў штраф у 4 500 000 рублёў.
Разам з тым ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і многія міжнародныя арганізацыі ўжо шмат гадоў заклікаюць беларускія ўлады адмовіцца ад дыскрымінацыйнага механізму акрэдытацыі. У гэтым годзе асаблівую ўвагу гэтай справе надавала і кіраўніца офіса АБСЕ па пытаннях свабоды слова Дуня Міятавіч падчас афіцыйнага візіту ў Мінск.