Алеся Залеўскага выклікаюць у сталічную пракуратуру
Не выключана, што ўслед за двума адміністрацыйнымі прысудамі незалежнаму журналісту хочуць вынесці яшчэ і пракурорскае папярэджанне.
Фота Радыё Свабода
– Дакладную прычыну выкліку я даведаюся толькі заўтра на допыце, куды мяне выклікаюць а 13 гадзіне. Але не выключаю, што мэта сустрэчы – пракурорскае папярэджанне за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі. Я маю інфармацыю, што супрацоўнікі пракуратуры ўжо пэўны час збіраюць звесткі пра маю працу, – распавёў Алесь Залеўскі прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
Адметна, што толькі на мінулым тыдні штрафам у 6 000 000 рублёў скончылася адміністрацыйная справа супраць журналіста ў Слоніме. Суддзя Андрэй Ліхач прызнаў Алеся Залеўскага вінаватым у парушэнні арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).
Папярэднюю падобную справу супраць журналіста заводзілі ў Карэлічах у маі бягучага года. А наогул адміністрацыйны артыкул 22.9 сёлета ажно трынаццаць раз прымяняўся супраць незалежных журналістаў у Беларусі.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ужо шмат разоў акцэнтавала ўвагу беларускіх уладаў на неправамоцнасці абвінавачанняў супраць карэспандэнтаў па гэтым артыкуле, аднак рэпрэсіўная практыка да гэтага часу не змянілася.
На гэтую ж тэму:
Штрафы-2014: з журналістаў і распаўсюднікаў спагналі ўжо каля 80 млн рублёў