Круглы стол “20 год дакладу Антончыка: у замкнёным коле барацьбы з карупцыяй”

Шаноўныя калегі! Ласкава запрашаем узяць удзел у Круглым стале “20 год дакладу Антончыка: у замкнёным коле барацьбы з карупцыяй”. Мерапрыемства пройдзе 19 снежня а 12-й гадзіне ў штаб-кватэры Партыі БНФ (Менск, вул. Чарнышэўскага, 3).

Будзем удзячныя за распаўсюд інфармацыі і цікаўнасьць да тэмы!

*****

20 сьнежня 1994 году дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі Сяргей Антончык агучыў даклад аб карупцыі ў атачэньні Лукашэнкі. З таго часу мінула 20 гадоў, але тэма карупцыі ў вышэйшым кіраўніцтве дзяржавы надалей застаецца актуальнай.

З нагоды 20-й гадавіны антыкарупцыйнага дакладу Сяргея Антончыка Партыя БНФ ладзіць круглы стол “20 год дакладу Антончыка: у замкнёным коле барацьбы з карупцыяй”.

У мерапрыемстве прыме ўдзел аўтар дакладу, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Антончык, іншыя асобы, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы дакладу, палітыкі, адмыслоўцы ў галіне грамадзкага кантролю за дзейнасьцю дзяржаўных органаў. Весьці дыскусію будзе намесьнік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў.

У межах круглага стала плянуецца асьвятліць падзеі, якімі суправаджалася выкрыцьцё карупцыйнага складніку аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі, а таксама прааналізаваць сёньняшні стан карупцыі ў Беларусі ды магчымыя мэханізмы барацьбы з гэтай з’явай.