Галіна Цімчанка: “Шукайце паравоз!”


Самыя эфектыўныя схемы манетызацыі кантэнту паводле Галіны Цімчанка, рэдактаркі незалежнага расійскага інтэрнэт-СМІ “Медуза”.

Фота Вадзіма Заміроўскага, tut.by

Інтрнэт-СМІ: больш даверу – больш рэкламы

Галіна Цімчанка падкрэсліла, што спосабы манетызацыі не павінны мяняць асноўных журналісцкіх прынцыпаў. Кіраванне прынцыпамі незалежнай журналістыкі па-ранейшаму нараджае давер да СМІ і прыцягвае аўдыторыю. А смі, якое чытаюць і якому давяраюць, – гэта “мёд” для рэкламадаўцаў.

Тым не менш, як зарабіць online-выданню? Як выглядае рэдакцыйная і прэзентатыўная мадэль камерцыйна паспяховага інтэрнэт-медыя? Галіна Цімчанка назвала самыя трэндавыя схемы манетызацыі медыя-праекта:

- Прамая манетызацыя: “першая доза – бясплатна”. Прамую манетызацыю шырока выкарыстоўваюць кампаніі-стваральнікі камп’ютарных гульняў. Сэнс у тым, каб даць магчымасць карыстальніку пакаштаваць прадукт бясплатна, дазволіць “падсесці” на гульню ці сервіс, а затым за працяг карыстання, ці за “пераход на іншы ўзровень” выставіць кошт. Як правіла, першы ўнёсак – мінімальны, але чым далей – тым больш.

Як выкарыстаць гэтую схему для медыяў? Па словах Галіны Цімчанка, падобныя спосабы манетызацыі кантэнту выкарыстоўваюць такія выданні, як “New York Times” і расійская “Ведомости”. Яны прапануюць чытачу ў свабодным доступе прачытаць каля 10 артыкулаў, а затым – лічбавая падпіска. Платная, зразумела. “Лічыцца, што, калі чалавек на працягу месяца прачытаў 10 і больш артыкулаў – ён з’яўляецца “сталай аўдыторыяй” і патэнцыйным пакупніком кантэнту,” – кажа Галіна Цімчанка.

- Native Advertising – адзін з самых трэндавых спосабаў манетызацыі. Гаворыць Галіна Цімчанка: “Спонсар, зацікаўлены ў асацыяванні свайго прадукта, напрыклад, з радасцю жыцця, спансуе ўсё, што тычыцца стварэнне матэрыялаў рубрыкі пра радасць жыцця – “Вясёлыя старты”, напрыклад. Старонка з гэтай рубрыкай, у тым ліку і яе дызайн, гавораць карыстальніку пра тое, што стварэнне гэтай рубрыкі прафінансавана кампаніяй (назва)”. Паводле эксперта, такая схема зараз асабліва папулярная ў Швецыі і Нарвегіі.

Галіна Цімчанка адзначыла, што ў “Медузе” зараз няма маркетынгавага бюджэту. Лепшым promo для сучаснага СМІ, паводле рэдактара, застаюцца сацыяльныя сеткі, якія зараз даюць 50-60% наведванняў. “Гэта сапраўдная шчырая аўдыторыя, якая нас чытае,” – кажа Г. Цімчанка.

- Традыцыйная рэклама. “Калі да СМІ прыходзіць вялікая аўдыторыя, і ўсе бачаць, што яна сапраўдная, а не “інтэрнэт-смецце”, – абавязкова прыйдуць рэкламадаўцы. А якога ўзросту гэта аўдыторыя, – “24+” альбо “32+” - вялікай розніцы няма,” – гаворыць Галіна Цімчанка.

Эксперт адзначыла памылковасць спробаў вызначыць “тыповага чытача” сучаснага інтэрнэт-смі і арыентавацца на яго. “Гэта штучна. Яшчэ нікому не атрымалася стварыць партрэт тыповага карыстальніка,” – кажа Г. Цімчанка і прыводзіць прыклад сваёй паездкі ў Санкт-Пецярбург, пасля якой “увесь інтэрнэт” вельмі доўга прапаноўваў ёй “усе гатэлі Санкт-Пецярбурга”. “Але гэта глупства, я больш не збіраюся туды ехаць. Ніколі машына не вызначыць мае перавагі лепш за мяне,” – кажа Галіна Цімчанка.

Па словах галоўнага рэдактара, “Медуза” зараз выкарыстоўвае ў тры разы больш рэкламных мадэляў, чым было ў Lenta.ru. “У грамадстве, дзе ўсе стаміліся ад істэрыкі, смі, нацэленае на ўзважаны падыход, ніколі не спалохае рэкламадаўцаў, а наадварот, прыцягне іх, – гаворыць Г. Цімчанка. – “Медуза” стартавала ўжо з рэкламай і ў дадатках, і на сайце.”

Карціна дня: як даведацца, што адбылося?

Сфармаваць карціну дня – гэта адна з функцый СМІ. “Трэба расказаць людзям пра тое, што адбылося ў радыусе 60 км ад іх дома, а таксама патлумачыць, як глабальныя падзеі могуць паўплываць на штодзённае жыццё канкрэтнага карыстальніка, – кажа Галіна Цімчанка. – Не бывае навінаў, аднолькава цікавых для ўсіх. Таму не трэба спрабаваць расказваць пра ўсё”.

Смі павінна валодаць і задавальняць сваю “ядравую аўдыторыю”. Хто яе складае? Гэта людзі, якія па звычцы штодня заходзяць на сайт самастойна, а не праз спасылкі ці sharing (ад анг. Share – дзяліцца, падзяляць, выкарыстоўць сумесна).

Як рэдакцыі інтэрнэт-медыя нарасціць ядро сваіх карыстальнікаў? “Трэба знайсці свой “паравоз” і вакол яго будаваць інфармацыйную палітыку,” – кажа Галіна Цімчанка. Што такое “паравоз” для сучаснага інтэрнэт-СМІ? На думку эксперта, гэта можа быць як асноўная тэма выдання (напрыклад, “футбол” для спартыўнага сайта), так і ўнікальнасць працы СМІ і падачы інфармацыі. “Для life.news “паравоз” – гэта хуткасць, з якой падаецца інфармацыя. Хоць навіны на life.news могуць быць малазначныя і забыцца праз хвіліну. Але хуткасць, з якой яны з’яўляюцца, прыцягваюць аўдыторыю. Таму шукайце свой “паравоз””, – раіць Г. Цімчанка.

Не будуйце помнікі!

Асаблівасць праекта “Медуза”, па словах Галіны Цімчанкі, – гэта пастаянныя перамены як у дызайне сайта, так і ў арыентацыі на аўдыторыю. “Мы хочам адвучыць чытачоў і нашых калег “будаваць помнікі”. Трэба адмовіцца ад канцэпцыі: “ёсць сайт – і ўсё”. Мы хочам мяняцца кожны месяц і кожны тыдзень. Таму, што ў мабільным жыцці няма нічога пастаяннага,” – кажа Г. Цімчанка. Яна прызнае, што чытачы – вельмі інэртныя. Яны чакаюць ад смі таго, да чаго прывыклі. “Але мы хочам перавучыць чытача, бо чытач ў сетцы – актыўны. Яму пастаянна патрэбныя новыя фарматы. Зараз кіруе сінтэтычны жанр, – кажа Галіна Цімчанка. – Мы імкнемся зрабіць сайт, які будзе цікава чытаць і які будзе пастаянна здзіўляць”.

“Здзівіць чытача”, на думку эксперта, – гэта адзіны лек ад хваробаў сучаснай медыяпрасторы. А хваробы – гэта:

- Крызіс даверу да медыя.

- Крызіс увагі: людзі ўспрымаюць інфармацыю, як інфармацыйны шум.

“Адзін спосаб пераадолець гэтыя праблемы – здзіўляць. І даць людзям зразумець, што яны без гэтага не могуць жыць”, – кажа Галіна Цімчанка.

Белоруссия” на “Медузе” застанецца

Сёння наведванні “Медузы” з Беларусі займаюць 5-е месца па колькасці. Падчас майстар-класа ў Мінску Галіну Цімчанка запыталіся пра назву краіны – “Белоруссия”, якую выкарыстоўвае яе выданне. Ці не збіраецца рэдакцыя замест “Белоруссия” пісаць “Беларусь”? Галіна Цімчанка адзначыла, што ў слоўніках рускай мовы існуе дзве назвы нашай краіны “Республика Беларусь” альбо “Белоруссия”. “Мы будзем пісаць “Белоруссия”, паколькі гэта адпавядае правілам рускай мовы, дзе няма спалучальнай галоснай “а”. А руская мова – гэта цар і бог, якому я служу”, – паставіла кропку рэдактар.

Фота Вадзіма Заміроўскага, tut.by

“Медуза”: як працуе СМІ? Рэдакцыйныя прынцыпы і сакрэты

Галіна Цімчанка распавяла, што зараз “Медуза” працуе ў двух інфармацыйных рытмах: “Навіны” і “longread”.

Навіны патрабуюць хуткай рэакцыі. Адбылася падзея – трэба пазваніць, паехаць, напісаць. “Гэту працу робяць усе журналісты ў рэдакцыі”, – кажа Г. Цімчанка.

longread. Адначасова ў распрацоўцы журналістаў “Медузы” – вялікія тэмы, якія прапаноўваюць самі журналісты і працуюць над імі па ўзгадненні з рэдактарам. “Тэма можа быць у распрацоўцы і тры месяцы, і больш. Тут няма межаў,” – кажа Галіна Цімчанка. Штатныя журналісты “Медузы” атрымліваюць сталы заробак. Таксама выданне супрацоўнічае з фрылансерамі, ганарары якіх залежаць ад таго, хто такі фрылансер – пачатковец, эксперт ці суперзорка.

Якія патрабаванні да сваіх журналістаў выстаўляе “Медуза”? “Яны не змяніліся: не хлусіць і не ўпрыгожваць рэчаіснасць. Як і раней, вельмі каштоўным у журналістыцы з’яўляецца ўменне распавесці добрую гісторыю. У свеце шмат чаго адбываецца, але вельмі мала людзей умеюць пра гэта расказаць”, – кажа Галіна Цімчанка. Яна сказала, што тэксты для “Медузы” заўсёды рэдагуюцца. “Але важна, каб журналісту паведамілі пра змены ў яго матэрыяле”, – кажа Г. Цімчанка. Пры гэтым яна адзначыла немэтазгоднасць “перапісвання тэкстаў” рэдактарамі, бо “у такім выпадку журналіст ніколі не навучыцца працаваць.”

На думку эксперта, унікальнасць прафесіі журналіста ў тым, што яе складаюць навыкі, даведзеныя да дасканаласці. “Гэта рамяство, а ўсё астатняе залежыць ад чалавека, – яго цікаўнасці, умення слухаць, мабільнасці і г.д.”, – кажа Галіна Цімчанка.

Эксперт асабліва падкрэсліла важнасць наяўнасці незалежных смі для грамадства. “Праца журналістаў – гэта адзіны спосаб вынесці праблемы на публіку. Журналісты – гэта вочы і вушы грамадства. Тыя, хто гэтага пакуль не разумеюць, усё роўна прыйдуць да гэтай думкі. А для нас гэта – самая моцная матывацыя ў нашай працы”, – гаворыць Галіна Цімчанка.

Зараз сайт “Медузы” за суткі наведвае каля 100 тыс. карыстальнікаў. 5 снежня, калі адбылося пасланне У. Пуціна Савету Федэрацыі РФ і спецаперацыя ў Грозным, наведванне “Медузы” склала 175 тыс. “Улічваючы, што мы працуем толькі з кастрычніка, гэта вельмі някепскі паказчык”, – лічыць Галіна Цімчанка.

Таксама Г. Цімчанка паведаміла, што “Медуза” пакуль не плануе адкрываць навінны відэасервіс, паколькі гэта вельмі дорага. “Але на сайце будуць з’яўляцца online-лайн трансляцыі цікавых мерапрыемстваў і дакументальныя фільмы,” – кажа рэдактарка.

Падчас майстар класу адно з пытанняў да Галіны Цімчанкі было – “ці магчыма на “Медузе” падвысіць імідж Беларусі?” У адказ Галіна Цімчанка зазначыла, што “Медуза”, як і любы незалежны смі, не ўдзельнічае ў палітычных кампаніях, не заклікае гандляваць на біржах, не падпісваецца пад PR-кантракты. “Рэпутацыя ў нашай справе каштуе вельмі дорага. Распачынаючы смі, трэба сабе дакладна сказаць, чаго вы ніколі не будзеце рабіць. Спіс павінны быць выразны і дакладны. Таму PR – гэта не да мяне. Я гэтым не займаюся”, – кажа Галіна Цімчанка.

Зараз “Медуза” працуе ва ўмовах, падобных да тых, у якіх ужо шмат год працуюць беларускія рэдакцыі: абмежаваны бюджэт, невялікі штат супрацоўнікаў, змаганне за аўдыторыю. Як выжыць у такіх умовах? Галіна Цімчанка распавяла, што на lenta.ru усе матэрыялы дзяліліся на тры блокі:

- General. Гэта тэксты на агульныя тэмы, стварэнне якіх не патрабуе спецыяльных ведаў ці навыкаў.

- “Спецыялітэты”. Гэта спецыяльныя і тэматычныя рубрыкі – напрыклад, “Навука і тэхналогіі”, “Зброя”, “Аўто” і г.д.

- Эксклюзіў. Матэрыялы ад спецыяльных карэспандэнтаў.

“У “Медузе” мы адмовіліся (з вялікім жалем) ад другога блоку – спецыялізаваных рубрык. Больш за ўсё ўвагі надаецца рубрыкам “Грамадства і палітыка”, “Культура”, а таксама працы нашых спецыяльных карэспандэнтаў,” – гаворыць Г. Цімчанка.

Як не выгараць на працы рэдактара?

Галіна Цімчанка падзялілася з беларускімі журналістамі сваім асабістым перакананнем. “Я лічу, што навіны – гэта адна з першасных патрэбаў чалавека. Любая размова пачынаецца з фразы “што новага?”, “як справы?”. Таму без навінаў жыць немагчыма,” – кажа яна. У той жа час, рэдактар прызналася, што кожны тыдзень, у суботу яна мае “дзень без інтэрнэта”, каб адпачыць.

Майстар-клас Галіны Цімчанкі 6 снежня ў Мінску наведалі каля 200 чалавек, сярод якіх - супрацоўнікі і рэдактары беларускіх смі, журналісты-фрылансеры, студэнты і інш.

Мерапрыемтва было арганізавана канферэнцыяй “Деловой интернет” tut.by і "Прэс-клубам Беларусь". Інфармацыйнымі партнёрамі выступілі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і інфармацыйна-аналітычны рэсурс Mediakritika.by.

 

На гэтую ж тэму:

Галіна Цімчанка: “Не дазваляйце чытачам завалодваць прасторай СМІ”

Галіна Цімчанка: “Журналісты – нікому не сябры”