Адкрытая лекцыя Андрэя Аляксандрава “Хто будзе плаціць за якасную журналістыку?”
17 снежня Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь”, Лятучы ўніверсітэт і “Беларусский журнал” запрашаюць на адкрытую лекцыю беларускага журналіста, даследчыка медыясферы Андрэя Аляксандрава “Хто будзе плаціць за якасную журналістыку?” Лекцыя адбудзецца на пляцоўцы “ЦЭХ" (пр-т Незалежнасці, 58/6). Пачатак у 19.00.
Журналістыка – свабодная, незалежная, якасная – была і застаецца важным інструментам будавання здаровага грамадства, а СМІ – істотнай пляцоўкай для грамадскай дыскусіі. Але ў наш час, час новых медыяў і панавання інтэрнэта, традыцыйная бізнэс-мадэль навіновых медыяў руйнуецца. Актуальным становіцца пытанне: хто і якім чынам будзе аплочваць якасную і незалежную журналістыку?
Сусветныя навіновыя медыі шукаюць адказы на гэтае пытанне. Узнікаюць і апрабоўваюцца новыя бізнэс-мадэлі, аднак яшчэ ніхто не знайшоў канчатковага адказу; ніхто яшчэ не крыкнуў “Эўрыка! Журналістыка ўратаваная!”.
Асаблівасці медыярынку Беларусі робяць праблему яшчэ больш вострай. Дзяржаўныя СМІ фінансуюцца за кошт бюджэту і адміністратыўнага рэсурса. Недзяржаўныя часта абапіраюцца на замежную падтрымку. У выніку складаецца ўнікальная сітуацыя: беларускае грамадства фактычна не аплочвае беларускую журналістыку.
Гэта вядзе нас да шэрагу пытанняў. Ці магчыма ўжываць у Беларусі мадэлі манетызацыі навіновых СМІ, якія зараз апрабоўваюцца на Захадзе? Ці ствараюць беларускія журналісты кантэнт, за які можна плаціць? І што такое ўвогуле “якасная журналістыка”? Якім чынам беларускія журналісты адказваюць перад грамадствам, ад якога чакаюць “аплаты” сваёй працы, – і ці чакаюць яны яе ўвогуле? Запрашаем вас паразважаць над гэтымі пытаннямі разам з Андрэем Аляксандравым падчас лекцыі.
Мерапрыемства адбудзецца ў межах цыкла адкрытых лекцый “Галоўнае пытанне”, першая частка якога прайшла ў вернасні-кастрычніку гэтага года. Калі ў “першым сезоне” пра “галоўныя пытанні” разважалі сябры Каллегіўма Лятучага Ўніверсітэта – інтэлектуалы, навукоўцы ды даследчыкі, то гэтым разам мы запрасілі да ўдзелу прадстаўнікоў адной з самых дынамічных ды прадлемных сфер – сферы медыа, сродкаў массавай інфармацыі ды каммунікацыі.
Запісы папярэдніх лекцый можна паглядзець на сайце Лятучага ўніверсітэта.
Каментары: