Галіна Цімчанка: “Не дазваляйце чытачам завалодваць прасторай СМІ”


Дзе ўзяць актыўную аўдыторыю, каб нарасціць рэкламны патэнцыял інтэрнэт-выдання? Што рабіць з наведвальнікамі форумаў, якія абражаюць журналістаў і рэдактараў? Ці варта даваць чытачам выказвацца на сайце СМІ?


Усе фота Вадзіма Заміроўскага, tut.by

На гэтыя і іншыя пытанні адказала Галіна Цімчанка, рэдактарка і стваральніца інтэрнэт-медыя “Медуза” www.meduza.io, падчас майстар-класа для беларускіх журналістаў. Майстар-клас адбыўся 6 снежня ў офісе інтэрнэт-партала tut.by, сустрэчу ладзілі канферэнцыя “Деловой интернет” tut.by і "Прэс-клуб Беларусь". Інфармацыйнымі партнёрамі мерапрыемства выступілі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і інфармацыйна-аналітычны рэсурс Mediakritika.by.

Сацыяльныя сеткі – аўдыторыя, якая можа стаць тваёй

“СМІ трэба ісці туды, дзе ёсць аўдыторыя. А сёння ўся аўдыторыя – у сацыяльных сетках”, – кажа Галіна Цімчанка. Аднак важна выбраць правільную тактыку дзеянняў у сацсетках. А правільная тактыка – гэта тое, што дапаможа нарасціць “ядравую аўдыторыю” медыя і падвысіць яго рэкламны патэнцыял.

Паводле Галіны Цімчанка, мэта дзейнасці СМІ ў сацыяльных сетках – здабыць як мага большую колькасць пераходаў на сайт. Таму, напрыклад, няма сэнсу нарошчваць групу выдання, калі яе ўдзельнікі не ходзяць на сайт, а карыстаюцца толькі інфармацыяй з групы. “Мы прыйшлі да высновы, што толькі актыўнасць карыстальнікаў па пераходу на сайт СМІ з’яўляецца крытэрам поспеху, – кажа Галіна Цімчанка. – Менавіта пераходы, а не групы, дзяленні спасылкамі і абмеркаванні ўплываюць на рэкламны “інвентар” выдання”.

Зараз 55% карыстальнікаў “Медузы” заходзяць на сайт з сацыяльных сетак, прычым 40% з іх – з сеткі Facebook. “У lenta.ru большасць карыстальнікаў давала сетка “Вконтакте”. Twitter таксама дае шмат пераходаў, але не дае “глыбіні” карыстання. Гэта значыць, што карыстальнікі Twitter’а клікаюць на артыкул, чытаюць яго і вяртаюцца ў Twitter, а далей “Медузу”не глядзяць. Рэкламны патэнцыял ад такіх наведванняў ніяк не нарошчваецца. Увогуле, калі асноўны ход на сайт даюць сацыяльныя сеткі, зніжаецца глыбіня наведвання і не нарошчаецца рэкламны інвентар,” – раскрывае схему працы з сацыяльнымі сеткамі рэдактарка “Медузы”.

На думку Галіны Цімчанка, кожнаму СМІ трэба шукаць свой голас і інтанацыю для працы ў сацыяльных сетках. Для кожнай з іх у смі павінна быць унікальная канцэпцыя, якая прадугледжвае эксклюзіўны кантэнт. Таксама эксперт раіць выкарыстоўваць тэхнічныя магчымасці сацыяльных сетак. “Напрыклад, “Вконтакте” дазваляе рабіць playlist'ы, альбомы – дык наперад! Facebook дае магчымасць выкладаць відэа: выкарыстоўвайце гэта!” – раіць Галіна Цімчанка.

Група СМІ ў сацыяльных сетках: “Наша пляцоўка – нашы правілы”

Галіна Цімчанка лічыць, што для паспяховай працы ў сацыяльных сетках важна выбудаваць межы і правільна размеркаваць ролі рэдакцыі і карыстальнікаў, патлумачыць правілы паводзінаў. Паводле эксперта, актыўнасць СМІ ў сацсетках павінна весціся паводле прынцыпу “нашая пляцоўка – нашыя правілы”. Гэта значыць – усё, што адбывацца ў групе СМІ ці ў абмеркаваннях, падпарадкоўваецца рэдакцыйнай палітыцы. “Не трэба дазваляць чытачам завалодваць прасторай СМІ. Гэта нашая пляцоўка, значыць, тут кіруе рэдакцыя і дзейнічаюць нашыя законы,” – кажа Г. Цімчанка. Зараз, на ўсіх пляцоўках “Медузы”, у тым ліку і ў групах у сацыяльных сетках, за любую знявагу ў бок супрацоўніка рэдакцыі карыстальніка чакае ban. “Чытачам гэтыя правілы трэба ясна і празрыста патлумачыць. Трэба каб яны ведалі пра наступствы сваіх дзеянняў,” – кажа Галіна Цімчанка.

Усё часцей рэдакцыі наймаюць спецыяльнага супрацоўніка, які займаецца прасоўваннем СМІ ў сацыяльных сетках. На думку Г. Цімчанка, важна, каб SMM (Social media marketing)-менеджары не былі адарваныя ад выдання і дыхалі з ім “адным паветрам”. “Ваш кантэнт – гэта ваша дзіцё. Такі мой “сімвал веры”. Трэба зрабіць усё, каб яго абараніць. А людзі, якія працуюць з сацыяльнымі медыямі, могуць быць не ў курсе бягучых навінаў. Гэты чалавек можа ўвогуле не чытаць стужку. А тым часам, яго дзеянні ўплываюць на імідж СМІ і давер да яго, – кажа Галіна Цімчанка. – Таму маё цвёрдае перакананне: SMM-менеджары павінны працаваць унутры рэдакцыі. Яны павінны адчуваць атмасферу, быць у курсе падзеяў і чуць, што я крычу ўсім са свайго кабінета”.  

Асобнае пытанне да эксперта падчас майстар-класу тычылася “Кодэксу паводзінаў журналістаў у сацсетках”, які зараз спрабуюць увесці ў некаторых расійскіх СМІ. Як журналісту не нашкодзіць сабе і выданню, у якім ён працуе?

“Проста не рабіце глупстваў і не пішыце глупстваў – і ўсё будзе добра”, – адказвае Галіна Цімчанка. Спробы некаторых расійскі смі абмежаваць выкарыстанне журналістамі сацсетак Галіна Цімчанка называе памылкай. “У свеце сацыяльных сетак інфармацыя бывае эксклюзіўнай ад 1 да 5 секундаў. Таму журналіст “праспіць” усё, калі ў яго не сфармаваная стужка Facebook і Twitter,” – кажа Г. Цімчанка. Яна адзначае, што журналістаў трэба вучыць граматна фармаваць сваю стужку – напрыклад, “фрэндзіць ньюсмекераў і фолоўіць людзям, якія могуць стаць патэнцыйнай крыніцай эксклюзіўнай інфармацыі ці сведкамі падзей”. Таксама Галіна Цімчанка адзначыла, што сацыяльныя сеткі – гэта твар выдання, і журналісты павінны пра гэта думаць і памятаць.

На пытанне адносна правілаў сваіх уласных паводзінаў у сацыяльнай сетцы Facebook эксперт адказала, што дадае ў сябры толькі тых, каго ведае асабіста, незалежна ад таго, наколькі добра ці доўга. “Таму што, калі чалавек мне хаміць, я павінна ведаць, хто гэта,” – заўважыла Галіна Цімчанка.

Форумы: ці даваць чытачам выказвацца?

Падчас майстар-класу Галіне Цімчанка задалі пытанне пра форумы на сайце СМІ, іх змест, і спосабы рэгулявання дзейнасці карыстальнікаў. Эксперт адказала, што ўвогуле лічыць некарэктным абмеркаванне артыкулаў на сайце выдання. “Праца журналіста каштуе дорага. Таму змяшчаць на адной старонцы прафесійны тэкст і меркаванне чытачоў – няправільна, – кажа Г. Цімчанка. – Знайдзіце для сваіх чытачоў іншае месца”.

У Расіі, пасля нядаўніх зменаў у заканадаўстве, рэдакцыя нясе адказнасць за змест паведамленняў на форумах, і гэта ставіць пад сумнеў саму мэтазгоднасць існавання такіх пляцовак на афіцыйным сайце СМІ. “Падумайце, ці варта аплочваць кругласуткавую працу мадэратараў толькі дзеля таго, каб чытачы маглі “кідацца какашкамі” адзін у аднаго? Я для сябе вырашыла. Мне гэта не трэба”, – кажа Галіна Цімчанка. А як жа наведвальнасць сайтаў? Бо прынята лічыць, што каментатары складаюць значную частку аўдыторыі. “Падчас працы на lenta.ru, форумы давалі нам менш за 2% наведвальнікаў. Гэта нязначная лічба”, – кажа Галіна Цімчанка.

Пад рэдакцый Галіны Цімчанка на lenta.ru, выказванні на форумах рэгламентаваліся наступным чынам:

- Форум “абнуляўся” праз суткі. Гэта значыць, што ўсе паведамленні выдаляліся праз 24 гадзіны пасля таго, як артыкул быў змешчаны на сайце. “Акрамя таго, 24 гадзіны – гэта той тэрмін, які зараз дае нам Роскамнадзор на выдаленне каментара, які парушае заканадаўства”, – кажа Г. Цімчанка. Форумы з абмеркаваннем вялікіх артыкулаў “абнуляліся” праз трое сутак.

- Яшчэ адзін цікавы сродак змагання з форумнымі тролямі ад Галіны Цімчанка: “Мадэратар на lenta.ru рабіў так, што паведамленні асабліва “старанных каментатараў” бачылі толькі два чалавекі: сам каментатар і мадэратар”, – адзначае Г. Цімчанка.

Працяг будзе