Прэмію праваабаронцаў атрымалі Алена Танкачова, Людміла Казак, Алена Панкратава і сайт “Вясны”
Аргкамітэт Нацыянальнай прэміі беларускіх праваабаронцаў назваў імёны сёлетніх лаўрэатаў. Праваабаронцам года прызнаная Алена Танкачова, адвакатам - Людміла Казак, у галіне журналістыкі перамогу атрымалі Алена Панкратава і сайт закрытага ўладамі ПЦ “Вясна”.
Згодна з традыцыяй, лаўрэатаў прэміі супольна вызначаюць дзевяць беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх - ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, РПГА “БХК”, закрыты ўладамі цэнтр “Вясна”, “Праваабарончы альянс” і іншыя, а таксама былыя атрымальнікі прэміі.
Традыцыйна прэмія беларускіх праваабаронцаў уручаецца ў Міжнародны дзень правоў чалавека. Ёй адзначаюць людзей, якія зрабілі найбольшы ўнёсак у справу абароны правоў.
Па словах аўтаркі ідэі прэміі Людмілы Гразновай, сёлета сябрам журы давялося выбіраць са шматлікіх годных кандыдатураў. Але пасля абмеркавання і галасавання сябры прынялі рашэнне вылучыць наступных:
Праваабаронцам года была названая кіраўніца “Цэнтру прававой трансфармацыі” Алена Танкачова.
Адвакатам года сябры журы прызналі Людмілу Казак.
У галіне журналістыкі назвалі адразу двух пераможцаў – аўтарку перадачы “Свабода ў турмах” Алену Панкратаву, а таксама рэдакцыю сайта закрытага беларускімі ўладамі цэнтра “Вясна”.
Нагадаем, што ў папярэднія гады ў журналісцкай намінацыі праваабаронцы ўжо прызнавалі лепшымі Сямёна Печанко, Алега Груздзіловіча, Уладзіміра Грыдзіна, Юлію Дарашкевіч, Андрэя Пачобута, а таксама перадачу “Маю права” тэлеканала “Белсат”.
На гэтую ж тэму:
Аўтар «Свабоды ў турмах» Алена Панкратава: Спрабую дапамагчы тым, хто знаходзіцца на дне