Галіна Цімчанка: “Журналісты – нікому не сябры”


Рэдактарка новага медыяпраекта “Медуза” правяла майстар-клас у Мінску.


Фота Вадзіма Заміроўскага, tut.by

Галіну Цімчанка, былую галоўную рэдактарку найбуйнейшага расійскага інтэрнэт-выдання lenta.ru (2004-2014), звольнілі ў сакавіку гэтага года.

lenta.ru пад рэдакцыяй Г. Цімчанка была самым цытаваным і папулярным выданнем у расійскім інтэрнэце.

Разам з рэдактрам у сакавіку СМІ пакінула большасць журналістаў, якія ў кастрычніку 2014 году заснавалі новы інфармацыйный праект – “Медуза”.

Зараз рэдакцыя “Медузы” працуе ў Рызе, Латвія. Сайт штодзень наведваюць каля 100 тыс. карыстальнікаў. Беларусь па колькасці наведванняў – на 5-м месцы. Пра асаблівасці інтэрнэт-журналістыкі, здабыццё аўдыторыі і працу СМІ ў эміграцыі Галіна Цімчанка расказала ў Мінску 6 снежня.

Майстар-клас адбыўся ў офісе інтэрнэт-партала tut.by, сустрэча была арганізавана канферэнцыяй “Деловой интернет” tut.by  і "Прэс-клубам Беларусь". Інфармацыйнымі партнёрамі мерапрыемства выступілі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і інфармацыйна-аналітычны рэсурс Mediakritika.by.


Фота Вадзіма Заміроўскага, tut.by

Meduza.io: адкуль такая назва?

Галіна Цімчанка лічыць, што назва інтэрнэт-СМІ зараз не мае ніякага значэння, таму яе не трэба нагружаць дадатковым сэнсам, дадаючы словы “вялікі”, “усеагульны”, “першы” і г.д.. “Мы ўвайшлі ў такі свет, дзе брэндам можа быць проста прыгожае слова, якое не значыць нічога. Напрыклад, што значыць “Арplе”? Але сэнс усім зразумелы, і гэта – галоўнае,” – гаворыць Г. Цімчанка. Таксама, як літары дамена “Медузы” .io  ні на што не ўплываюць і нічога не азначаюць. “Прайшлі тыя часы, калі лічылася модным выдаткоўваць грошы на тое, каб знаходзіцца ў даменнай зоне .com,” – сказала Галіна Цімчанка, нагадаўшы, што на дамене .io (Indian Ocean) любяць размяшчаць свае праекты тэхналагічныя стартапы.

Інвестары: ці ёсць яны ў “Медузы”?

Маючы досвед працы на lenta.ru, Галіна Цімчанка прыйшла да высновы, што для СМІ лепш мець не аднаго, а некалькіх інвестараў. Права кіраваць пакетам акцый медыякампаніі павінна заствацца ў рэдакцыі. Не сакрэт, што, шукаючы інвестара, стваральнікі “Медузы” вялі перамовы з Міхаілам Хадаркоўскім. “Але мы зразумелі, што гэта супрацоўніцтва нікому не трэба. Я не хачу быць “СМІ алігарха” і інструментам уплыву. А Міхаілу Барысавічу гэты праект падаўся не вельмі зразумелым,” – гаворыць Галіна Цімчанка. Тым не менш, пытанне “адкуль узяць грошы?” засталося.

Па словах Г. Цімчанкі, сённяшнія інвестары “Медузы” ніколі раней не ўкладалі грошы ў медыяпраекты. “Яны ўлічылі ўсе палітычныя рызыкі і не жадаюць агалошваць свой удзел. Іх умова ўдзелу – поўная ананімнасць. І гэта можна зразумець, – кажа Цімчанка. - Кантрольны пакет “Медузы” застаецца ў рэдакцыі. Інвестары  ўплываюць толькі на камерцыйныя і фінансавыя пытанні, а не на інфармацыйную палітыку і рэдакцыю”.


Фота Вадзіма Заміроўскага, tut.by

“Медуза” – расійскае СМІ ў Латвіі: проста ці складана? 

“Для мяне было шокам, наколькі проста наладзіць працу СМІ ў Латвіі, – кажа галоўная рэдактарка “Медузы”. – Латвія – адна з самых незабюракратызаваных краін ЕС, і гэта сапраўды так. Усе законы там працуюць. Набраць супрацоўнікаў, адкрыць банкаўскі рахунак, знайсці памяшканне аказалася зусім не складана”. Адным з вырашальных момантаў у выбары размяшчэння рэдакцыі ў Латвіі быў час, – гадзінны пояс там найбольш блізкі да таго, па якім жыве Масква і еўрапейская частка Расіі. Розніца ў часе ўплывае на працу рэдакцыі: “Мы пачынаем працаваць а 7.00 , калі ў Маскве ўжо 8.00,” – кажа Г. Цімчанка.

Міграцыйнае заканадаўства Латвіі таксама дастаткова простае – на дадзены момант усе супрацоўнікі “Медузы” афіцыйна зарэгістраваныя ў краіне і прынятыя на працу. “Латвія – адна з самых танных краін ЕС. Кошты на арэнду і інтэрнэт у Рызе значна ніжэй за маскоўскія, – кажа Галіна Цімчанка. – Акрамя таго, у Латвіі 46% рускага насельніцтва. У Рызе больш за палова насельніцтва – рускія. Гэта вельмі важна для сайта, які працуе для Расіі.”


Фота Вадзіма Заміроўскага, tut.by

Ці магчыма забяспечыць незалежнасць СМІ ад палітычных працэсаў?

Галіна Цімчанка вельмі радыкальна вызнала сваю пазіцыю адносна палітыкі і працы журналіста: “Мы нікому не сябры. Мы ні з кім не збіраемся піць каву ці віскі. Але мы і не апазіцыя, у нас няма задачы падтрымліваць уладу ці дзейнічаць супраць яе. Мы – журналісты, гэта нашая пазіцыя, – гаворыць галоўная рэдактарка “Медузы”. – Мы лічым, што самая правільная пазіцыя для нас – гэта пазіцыя “над схваткай”.

Якія тэхналогіі вызначаць будучыню СМІ?

Падчас свайго майстар-класу Галіна Цімчанка прыгадала, што 10 гадоў таму, калі рэклама ў папяровых выданнях была дарагая, эксперты казалі, што аўдыторыя сыходзіць у “лічбу”. Зараз аўдыторыя з “лічбы” паступова сыходзіць у “мабільны” інтэрнэт. “Калі ў 2012 годзе мабільных карыстальнікаў lenta.ru было 8 %, то ў 2013 – ужо 29%, – кажа Г. Цімчанка. – Таму для “Медузы” мы выбралі тактыку mobile first.” Гэта значыць, што рэдакцыя напачатку інвестуе ў праграму-дадатак да мабільных прыладаў, затым робіцца інтэрнэт-платформа, а пасля наладжваецца вяшчанне. “Можна заблакаваць доступ да сайта, але праз паўгады спыніць вяшчанне будзе амаль немагчыма,” – кажа Цімчанка.

Па яе словах, мабільныя дадаткі сёння паказваюць самы хуткі рост колькасці карыстальнікаў і прэзентуюць самую мабільную аўдыторыю. Для навінаў гэта аптымальна, паколькі навіны нараджаюцца і спажываюцца вельмі хутка. Таму, рэкламы ў інтэрнэт-выданнях будзе ўсё менш, а камерцыйная прывабнасць мабільных дадаткаў у бліжэйшай будучыні значна ўзрасце. Адпаведна, выданні для мабільнага карыстання – самы выгадны шлях да інвестыцый. “Можна не проста прадаваць рэкламу, але і рабіць прамую манетызацыю,” – кажа Цімчанка.

Што такое медыя-агрэгатар? Ідэалогія з’явы

“Сёння прадукуецца шмат інфармацыі, але мала сэнсаў,” – кажа Галіна Цімчанка. Яна прывяла прыклад з захопам ваенных назіральнікаў АБСЕ пад Данецкам у красавіку гэтага года. “Усе пра гэта пісалі, але ні адзін рэсурс не патлумачыў, што на самой справе адбылося: каго захапілі, дзе і калі гэта адбылося, хто гэтыя закладнікі, як яны там апынуліся і г.д.” Інфармацыю без сэнсу Галіна Цімчанка называе “белы шум”.

Стваральнікі сучасных інтэрнэт-СМІ перад тым, як пусціць навіну ў эфір, павінны перапрацаваць неверагодную колькасць інфармацыі. “Гэта трэба, каб карыстальнік знайшоў усё, што яго цікавіць, на адным сайце. Гэта і ёсць праца агрэгатара,” – кажа Цімчанка. Яна адзначае, яе разам з “белым шумам” у Расіі зараз узрастае роля цэнзуры і самацэнзуры.

“Ёсць думка,  што агрэгацыя навінаў – гэта просты copy-pastе”. Але на самой справе гэта вельмі складанае рамяство, – кажа Цімчанка. – Я катэгарычны праціўнік поўнага цытавання тэкстаў”. Сайт “Медузы” пастаянна перанакіроўвае карыстальнікаў на сайты партнёраў. Гэта ўсім выгодна, паколькі падвышае індэкс цытавання. Усяго на старонцы з артыкулам на “Медузе” з’яўляецца 3-4 кропкі ўвахода да крыніцы. “Так працаваць – сумленна. Крыніца – гэта як кроў для агрэгатара. Не трэба саромецца ці зневажаць тых, хто дае вам сваю кроў,” – кажа Г. Цімчанка.

На пытанне, якому СМІ сама эксперт давярае, Галіна Цімчанка адказала: “асабіста я не давяраю нікому. Лепшы спосаб праверыць інфармацыю – звярнуцца да крыніцы. Таму сёння вельмі важна змяшчаць гіперспасылкі ў тэкстах, каб чытач мог сам праверыць тое, што напісана,” – кажа Цімчанка.


Фота Вадзіма Заміроўскага, tut.by

Як аддзяліць прапаганду ад інфармацыі?

Зараз на расійскім медыярынку вельмі шмат прапаганды. У адказ на гэта калектаў “Медузы” вырашыў стварыць стужку верыфікаванай інфармацыі пад назвай “На самом деле нет”. Супрацоўнікі рэдакцыі бяруць прапагандысцкае сцверджанне і аргументавана даказваюць, што сцверджанне – хлусня. “Напрыклад, “нам не страшныя санкцыі, мы справімся імпартазамяшчэннем”. Эксперт бярэ гэты тэзіс і тлумачыць, што дзеля таго, каб наладзіць “імпартазамяшчэнне”, трэба не менш за 5 гадоў, – кажа Г. Цімчанка і вылучае тэндэнцыю, якая стаіць за з’яўленнем гэтай рубрыкі. – Калі вы патлумачыце чытачу, што і як адбываецца, – вы здабудзеце яго давер. Сёння неабходна вышукваць новыя сінтэтычныя жанры для СМІ”.

Што рабіць, каб спраўдзіць інфармацыю і не выпускаць у эфір прапагандысцкія і фальшывыя дадзеныя? Парады ад Галіны Цімчанка:

- “Калі не ведаеце, як паступіць, – паступайце паводле закону”, – кажа Галіна Цімчанка і прыгадвае закон журналістыкі пра дзве (а лепш тры) не звязаныя адна з адной крыніцы інфармацыі, якія неабходныя для падцверджання дадзеных. “Няма крыніцы – няма інфармацыі,” – кажа эксперт.

- Мы не ведаем праўды. “Таму, у скрайніх выпадках можна напісаць, што “дадзеная інфармацыя – з высокай ступенню дакладнасці”, і гэта тое, што мы можам сказаць на гэты момант,” – раіць Г. Цімчанка. Таксама яна адзначае, што СМІ, як правіла, баяцца паказваць адваротны бок сваёй працы. “А чытачу заўсёды цікава ведаць, што адбываецца ўнутры рэдакцыі. Таму не трэба баяцца казаць, што “на момант напісання інфармацыі пацверджанне было толькі адсюль (спасылка),” – кажа Галіна Цімчанка.

- Правіла “Эмоцыі мінус”. “Трэба заўсёды спрабаваць быць “над бойкай”. Усе эмоцыі – далоў!” – раіць Галіна Цімчанка.

На яе думку, якая б вычварная прапаганда ні была, у ёй заўсёды ёсць праўдзівае зерне, якое трэба знайсці і ачысціць ад бліскучага і крыклівага шалупіння. “Заўсёды будзе нейкі факт, лічба, дата, населены пункт, колькасць удзельнікаў і г.д. Нашая задача – дастаць гэтыя звесткі, пераправерыць і данесці гэтае зерне да карыстальнікаў, – кажа Галіна Цімчанка. – Трэба смела адкалупліваць прапагандысцае шалупінне і шукаць свае крыніцы.”

Працяг будзе